Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Малдове ўдзельнікі антыўрадавай акцыі паставілі намёты каля прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі


Прыхільнікі прарасейскай партыі зьбеглага бізнэсоўца правялі 25 верасьня каля афіцыйнай рэзыдэнцыі прэзыдэнткі Малдовы ў Кішынёве акцыю пратэсту, у якой прынялі ўдзел тысячы людзей. Удзельнікі пратэсту скардзіліся на рост цэнаў, у прыватнасьці на газ, і патрабавалі датэрміновых выбараў.

Частка дэманстрантаў паставіла перад прэзыдэнцкай рэзыдэнцыяй каля дзесяці намётаў, што яны спрабавалі зрабіць тыдзень таму каля парлямэнту.

Пратэстоўцы крычалі «Далоў уладу!» і «Прэч Маю Санду!».

Пратэсты былі арганізаваныя партыяй «Шор», чый лідэр Ілан Шор знаходзіцца за мяжой з 2019 года пасьля таго, як быў асуджаны за махлярства і адмываньне грошай у 2017 годзе.

Прыхільнікі партыі «Шор» абвінавачваюць урад і прэзыдэнтку Маю Санду ў тым, што яны занадта мала робяць для барацьбы з ростам цэнаў — у тым ліку з 27-працэнтным павышэньнем цаны на газ, абвешчаным 23 верасьня — і іншымі праблемамі, якія пагоршыліся з вайной Расеі ва Ўкраіне.

Дэманстранты таксама патрабуюць спыніць расьсьледаваньне супраць Шора і іншых чальцоў партыі, якая заняла трэцяе месца на выбарах 2021 году пасьля кіроўнай Партыі дзеяньняў і салідарнасьці Санду (PAS) і Блёку камуністаў і сацыялістаў.

Санду, якая была за мяжой на мінулым тыдні, не пракамэнтавала пратэсты.

Але прадстаўнікі ўлады абвінавацілі ў арганізацыі дэманстрацый «злодзеяў», якія занепакоеныя судовай рэформай і барацьбой з карупцыяй.

У 2017 годзе Шор быў асуджаны больш чым на сем гадоў пазбаўленьня волі ў сувязі са стратай каля аднаго мільярда долараў трох малдаўскіх банкаў і цяпер знаходзіцца ў міжнародным вышуку.

Некалькі чальцоў партыі Шора былі пазбаўленыя дэпутацкай недатыкальнасьці пасьля расьсьледаваньня сэрыі масавых крадзяжоў у пэрыяд з 2013 па 2019 год.

Малдова — адна з самых бедных краін Эўропы. Яна сутыкнулася з аднымі з найгоршых наступстваў сямімесячнага поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ў суседнюю Украіну, у тым ліку са значнымі патокамі ўкраінскіх уцекачоў. У краіне таксама існуе занепакоенасьць, што расейскія вайскоўцы могуць потым паспрабаваць акупаваць яе тэрыторыю.

Праэўрапейскі ўрад Малдовы паскорыў падачу заяўкі на ўступленьне ў Эўразьвяз пасьля таго, як Расея ўварвалася ва Ўкраіну, і разам з Украінай атрымаў статус кандыдата.

Раней у гэтым месяцы міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў прыгразіў Малдове вайсковай помстай, калі малдоўскія афіцыйныя асобы «паставяць пад пагрозу бясьпеку» расейскіх войскаў, якія знаходзяцца ў сэпаратысцкім рэгіёне Прыднястроўе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG