Дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская, якая цяпер знайходзіцца на сэсіі Генэральнай асамблеі ААН, патэлефанавала зь Нью-Ёрку вызваленаму 21 верасьня журналісту Радыё Свабода Алегу Грузьдзіловічу.
Паводле Грузьдзіловіча, Ціханоўская павіншавала яго з выхадам на волю і пажадала аднаўленьня, а журналіст расказаў ёй тое, што ведае пра знаходжаньне яе мужа Сяргея Ціханоўскага ў папраўчай калёніі № 15. «Пра ўмовы ў штрафным ізалятары і памяшканьні крытага тыпу (ПКТ), дзе яго трымалі, пра тое, што калі ён трапіў у штрафны ізалятар, інфармацыя перадавалася па ўнутранымі ТВ калёніі».
Цяпер, паводле Сьвятланы Ціханоўскай, Сяргей знаходзіцца ў іншай калёніі, і зноў зьмешчаны ў штрафны ізалятар. «У канцы размовы Сьвятлана Ціханоўская сказала, што пазьней мы сустрэнемся ў Вільні», — дадаў Алег Грузьдзіловіч.
Сяргей Ціханоўскі знаходзіўся ў ПК-15 у ліпені і да сярэдзіне жніўня. Спачатку яго трымалі ў карантыне, потым зьмясьцілі ў штрафны ізалятар, пазьней у ПКТ. Трымаюць Сяргея Ціханоўскага ў адзіночным зьняволеньні.
Тэлеграм-канал «Турма для жыцьця» паведамляў, што Сяргей Ціханоўскі з 19 жніўня бесьперапынна знаходзіцца ў штрафным ізалятары жодзінскай турмы:
«У халоднай камэры ізалятара памерам каля пяці квадратных мэтраў, куды практычна не трапляе дзённае сьвятло. Сяргей таксама фактычна пазбаўлены нармальнага сну, яго «ложак» цяпер уяўляе сабою драўляныя дошкі без матраца, падушкі і пасьцельнай бялізны. «Ложак» адкідваецца ад сьцяны з 22 да 6 гадзін. Празь дзікі холад (тэмпэратура ў камэры такая ж, як на вуліцы) Сяргею даводзіцца ўставаць некалькі разоў за ноч, каб хоць трохі сагрэцца з дапамогай фізычных практыкаваньняў. Сяргею забаронена карыстацца асабістымі рэчамі, кнігамі, ён не атрымлівае лісты і газэты».
У папраўчай калёніі Ціханоўскі знаходзіўся толькі адзін месяц, а потым яму зьмянілі рэжым на турэмны.