«Калі Расея спыніць баявыя дзеяньні, то вайна скончыцца, калі Ўкраіна спыніць баявыя дзеяньні, то Ўкраіны ня будзе. Таму мы будзем падтрымліваць Украіну, пакуль яна сябе абараняе. Мы таксама паспрабуем дасягнуць дыпляматычнага рашэньня на справядлівых умовах. Прэзыдэнт Зяленскі неаднаразова казаў, што дыпляматыя — адзіны спосаб пакласьці канец гэтай вайне. Але дыпляматыя ня можа і не павінна выкарыстоўвацца як падстава для навязваньня ўмоваў Украіне з парушэньнем пунктаў Статуту ААН», — заявіў Блінкен на пасяджэньні Рады бясьпекі ААН у Нью-Ёрку.
Ён адзначыў, што прэзыдэнт Пуцін робіць свой выбар, і цяпер усе краіны павінны зрабіць свой выбар.
«Скажыце прэзыдэнту Пуціну, каб ён спыніў тыя жахі, якія ён пачаў. Скажыце яму, каб ён паставіў на першае месца інтарэсы свайго народу. Скажыце яму паважаць прынцыпы Рады Бясьпекі... Не забывайся, што мы, народы, па-ранейшаму выбіраем лёс гэтай арганізацыі і нашага сьвету. Стаўкі відавочныя, і выбар за намі. Давайце зробім правільны выбар дзеля міру, да якога мы імкнемся», — дадаў Блінкен.
17 верасьня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што тэрмін заканчэньня вайны цяпер залежыць толькі ад паставак зброі.
Па стане на 16 верасьня Злучаныя Штаты вылучылі Ўкраіне каля 15,8 мільярда долараў на дапамогу ў сфэры бясьпекі з пачатку працы адміністрацыі Джо Байдэна.