Паводле словаў Зяленскага, Пуцін ужо даўно правёў частковую мабілізацыю.
«Пра гэта ўжо заявілі нашы спэцслужбы і нашы хаўрусьнікі. Апошні месяц ён мабілізаваўся», — сказаў Уладзімір Зяленскі ў інтэрвію нямецкаму выданьню BILD.
Уладзімір Зяленскі мяркуе, што частковая мабілізацыя сьведчыць аб праблемах у Расеі з «афіцэрамі і іншымі вайскоўцамі».
«Мы ўжо ведаем, што мабілізавалі курсантаў, хлопцаў, якія ня ўмелі ваяваць. Гэтыя кадэты нават не змаглі завяршыць адукацыю. Усе гэтыя людзі ня могуць ваяваць. Яны прыйшлі да нас і паміраюць», — дадаў прэзыдэнт Украіны.
«Ён [Пуцін] бачыць, што яго падразьдзяленьні проста разьбягаюцца. Яму трэба, каб да нас прыйшла шматмільённая армія. Бо ён бачыць, што вялікая частка тых, хто да нас прыходзіць, проста ўцякае. Ён хоча ўтапіць Украіну ў крыві, але і ў крыві сваіх салдат», — перакананы Ўладзімір Зяленскі.
Уладзімір Зяленскі падкрэсьліў, што частковая мабілізацыя ў Расеі не зьмяняе пляны Ўкраіны.
«Мы крок за крокам будзем дзейнічаць паводле нашых плянаў. Я ўпэўнены, што мы вызвалім нашу тэрыторыю. Рэфэрэндумы — гэта фіктыўныя рэфэрэндумы, 90% дзяржаў іх не прызнаюць», — заявіў ён.
Прэзыдэнт Украіны мае сумневы, што расейская ўлада адважыцца на прымяненьне ядзернай зброі.
«Я ня веру, што ён будзе выкарыстоўваць гэтую зброю. Я ня думаю, што сьвет дазволіць яму выкарыстоўваць гэтую зброю», — сказаў Уладзімір Зяленскі і дадаў:
«Мы ня можам зазірнуць у галаву гэтаму чалавеку, ёсьць рызыкі [ядзернага ўдару]».
Тым ня менш Уладзімір Зяленскі лічыць, што ня варта паддавацца на пагрозы Пуціна.
«Заўтра Пуцін можа сказаць: акрамя Ўкраіны, мы хочам яшчэ і частку Польшчы, інакш будзем выкарыстоўваць ядзерную зброю. Мы ня можам пайсьці на такія кампрамісы», — дадаў прэзыдэнт Украіны.