Дзейны прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў у сваім звароце заявіў, што гарантуе «правядзеньне выбарчай кампаніі ў строгай адпаведнасьці з заканадаўствам, яна пройдзе справядліва, адкрыта і пры шырокім удзеле айчынных і міжнародных назіральнікаў».
Ён таксама адзначыў, што «наступныя склады дэпутатаў Мажыліса (парлямэнту. — РС) і масліхатаў (органаў мясцовай улады. — РС) будуць абірацца ўжо па новай зьмяшанай сыстэме — партыйных сьпісах і аднамандатных акругах». Таксама ў Казахстане са студзеня наступнага году пачне працаваць Канстытуцыйны суд.
«Завершанае пераразьмеркаваньне шэрагу ўладных паўнамоцтваў ад прэзыдэнта да парлямэнту. Акімы (кіраўнікі. — РС) рэгіёнаў цяпер выбіраюцца на альтэрнатыўнай аснове», — падкрэсьліў кіраўнік Казахстану.
Такаеў нагадаў, што ў краіне была спрошчаная працэдура рэгістрацыі палітычных партый, зьніжаны рэгістрацыйны бар’ер. «Уведзеная 30-адсоткавая квота для жанчын і моладзі ў перадвыбарных партыйных сьпісах і пры разьмеркаваньні дэпутацкіх мандатаў. Зьменшаны парог для праходжаньня палітычных партый у Мажыліс з 7% да 5%. У выбарчых бюлетэнях зьявілася графа „супраць усіх“», — адзначыў ён.
16 верасьня парлямэнт Казахстану прыняў адразу ў двух чытаньнях папраўкі да Канстытуцыі краіны. Дэпутаты падтрымалі прапановы вярнуць сталіцы назву Астана, а таксама абмежаваць прэзыдэнцтва адным сямігадовым тэрмінам.
На пачатку верасьня Такаеў прапанаваў правесьці датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары ўвосень сёлета. Чарговыя выбары прэзыдэнта мусілі адбыцца ў 2024 годзе. Такаеў тады заявіў, што гатовы скараціць тэрмін сваіх паўнамоцтваў і пайсьці на пазачарговыя прэзыдэнцкія выбары.
«Я шмат думаў і прыйшоў да высновы, што неабходна перагледзець колькасьць і працягласьць тэрмінаў паўнамоцтваў прэзыдэнта. Я раю абмежаваць тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў адным тэрмінам у 7 гадоў. Пераабраньне будзе забароненае», — заявіў Касым-Жамарт Такаеў.