Але цяпер Вольга на свабодзе. Як так здарылася, даведайцеся ў матэрыяле Свабоды.
Нядаўна на дзяржаўнай тэлевізіі выйшаў сюжэт пра беларуску Вольгу Манкевіч, якая 14 гадоў жыве ў Андоры. Вольгу затрымала міліцыя, калі яна была ў родных Баранавічах. Па тэлевізіі сказалі, што яна абразіла Лукашэнку і «ў Андору вернецца ня хутка». Тым ня менш цяпер Вольга на свабодзе і падзялілася сваёй гісторыяй.
«Выступала ў Андоры з танцавальным гуртам, гэта быў мой апошні кантракт»
Па адукацыі Вольга — артыстка народнага ансамблю, скончыла каледж мастацтваў у Менску. Яна выступала ў розных краінах сьвету. У 2008 годзе гастралявала ў Андоры.
«Гэта быў мой апошні кантракт. У Андоры я пазнаёмілася з будучым мужам, гэта было каханьне зь першага позірку. Ён сам славак. Мы пабраліся шлюбам. Ён так і застаўся грамадзянінам Славакіі, а я грамадзянкай Беларусі. Сын наш, яму хутка чатыры гады, — грамадзянін Андоры. Тут атрымаць грамадзянства можна праз дваццаць гадоў жыцьця ў краіне. Трэба тады здаваць іспыты на каталянскай мове. Тут тры дзяржаўныя мовы — француская, гішпанская і каталянская», — расказала Вольга.
Яна працавала перакладчыцай з гішпанскай, польскай і славацкай моваў, а таксама кансультавала турыстаў, у асноўным з Расеі, якія прыяжджалі на горналыжныя курорты Андоры. З 2018 году Вольга не працуе — даглядае малога сына.
У Беларусі ў яе не засталося блізкіх родных, толькі сябры. Раз ці два разы на год Вольга езьдзіла на радзіму, сустракалася зь сябрамі, наведвала магілу маці. Так было і ў 2020-м, і ў 2021 годзе. 10 жніўня 2022 году Вольга зноў прыехала ў Беларусь.
«Міліцыянты сказалі, што мяне „здалі“»
Вольга адпачывала, сустракалася зь сябрамі, зрабіла ў Берасьці касмэтычную апэрацыю. Калі яна вярталася зь Берасьця ў Баранавічы, на вакзале яе чакалі двое мужчын у цывільным.
«Я адразу зразумела, за што, калі мне сказалі: „Праедзем з намі“. Бо іншых „грахоў“ за мной не было. Але і камэнтары ў Instagram я не лічу грахом, дарэчы. Па дарозе ў міліцыю яны сказалі, што мяне „здалі“ і што ў Андору я паеду ня хутка. Дарэчы, забягаючы наперад, я пасьля выхаду на свабоду хадзіла да варажбіткі. Яна раскінула карты і пацьвердзіла, што мяне здала ў міліцыю жанчына, нават назвала імя. Гэта мая былая сяброўка. Я на 90% упэўненая. Мы сябравалі, але ўвосень 2020 году, пасьля пратэстаў, моцна пасварыліся на палітычнай глебе. Яна сказала, што я нічога не разумею, ня ведаю гісторыі і гэтак далей. Магчыма, гэта яна так зрабіла. Можа, і ад зайздрасьці, што я такая яркая, пасьпяховая», — кажа беларуска.
Вольга трапіла ў ІЧУ, дзе спазнала «асаблівыя ўмовы для палітычных». Кажа, што спала на голай падлозе, у той час калі іншыя, «непалітычныя», мелі і ложкі, і матрацы зь бялізнай.
«Усюды мяне вадзілі ў кайданках, ставілі тварам да сьцяны, канвойны абразьліва са мной размаўляў, казаў: „Ну што ж твая сяброўка не прыйшла, перадачы не прынесла?“. Непрыемна было, і тон у яго быў непрыемны. Дарэчы, сяброўка клапацілася пра мяне — яна забіла трывогу, калі я 22 жніўня ня выйшла на сувязь, знайшла мне адваката і ўсе рабіла для майго вызваленьня», — кажа Вольга.
Пасьля ІЧУ жанчына трапіла ў СІЗА. Кажа, што турма пасьля ізалятару была «як быццам санаторый».
«Намесьнік начальніка турмы прапанаваў мне запісацца для тэлевізіі»
Вольга вызвалілася 15 верасьня. За тыдзень да вызваленьня яе выклікаў намесьнік начальніка турмы і прапанаваў зьняцца для дзяржаўнай тэлевізіі. «Ён абяцаў, што мне гэта дапаможа зьнізіць пакараньне. Я пагадзілася. Што я гаварыла ў сюжэце, кожны можа сказаць, калі трапіць у турму. Што заўгодна тады можна сказаць. Мне, дарэчы, выставілі пяць артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Самыя цяжкія — „распальваньне варожасьці“ і „абраза Лукашэнкі“. І вось 15 верасьня раптам мне кажуць: „Манкевіч, з рэчамі на выхад!“. Я пачала мітусіцца, зьбіраць тыя рэчы. Мяне вялі па гэтых бясконцых калідорах (там, каб выйсьці на прагулку, перад намі адчынялі пятнаццаць дзьвярэй). Пра 24 тысячы эўра — гэта была агульная сума. Без падрабязнасьцяў скажу, што плацілі ўсюды, усім, каму толькі магчыма, усім патроху», — кажа беларуска.
Яна кажа, што муж быў гатовы да таго, што ў Вольгі могуць быць праблемы на радзіме. «Ён казаў перад ад’ездам, каб я сьцераглася. Не хацеў мяне адпускаць. Ён мяне цёпла сустрэў, сказаў: „Я ведаў, што я цябе выцягну“. Сын бег да мяне з усіх ног», — кажа Вольга.
Яна кажа, што абавязкова прыедзе ў Беларусь, але, можа, «гадоў праз шэсьць». «Буду сачыць за навінамі. Буду чакаць там зьменаў, тады прыеду», — кажа Вольга.
Ейную крымінальную справу перакваліфікавалі на адміністрацыйную і вынесьлі штраф.