Нагадаўшы факты праяваў «імпэрскай палітыкі Расеі ў дачыненьні да краінаў, якія Масква лічыць сваімі «гістарычнымі тэрыторыямі», Рада БНР адзначыла, што цяпер «агрэсіўная палітыка Крамля дасягнула апагею», які выявіўся ў пагрозе сьвету ядзернай зброяй.
У заяве, зьмешчанай на старонцы Рады БНР у фэйсбуку, зьвяртаецца ўвага на словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ў Беларусі і Расеі фактычна «агульныя збройныя сілы» і на сьцьвярджэньні расейскіх генэралаў, «што войска А. Лукашэнкі знаходзіцца ў „апэратыўным рэзэрве“ Масквы».
«Пры гэтым застаецца фактам, што Лукашэнка даўно ўжо не зьяўляецца легітымным кіраўніком Беларусі, — нагадвае Рада БНР. — Ён ня мае падтрымкі народу, што засьведчылі масавыя выступы супраць татальнай фальсыфікацыі на так званых выбарах у 2020 годзе, прыпыніць якія рэжыму ўдалося толькі татальнымі рэпрэсіямі. З гэтай прычыны Рады БНР заяўляе, што якія б формы не прыняла падтрымка Лукашэнкам злачынных ініцыятываў Пуціна, яна ні ў якой ступені не зьяўляецца выяўленьнем волі беларускага народа».
Праводзячы гістарычныя паралелі з акупацыяй у 1918 годзе камуністычнай Масквой Беларускай Народнай Рэспублікі, у канцы 1930-пачатку 40-х краінаў Балтыі, а таксама з акупацыяй нацысцкай Нямеччынай Чэхаславаччыны, Рада БНР заўважае, што акупаваныя народы ня мелі «права выбару і права голасу», і ў гэткім жа стане цяпер знаходзіцца беларускі народ.
У заяве нагадваецца, што «менавіта ў вельмі кароткія часы адноснай свабоды пачатку 1990-х Беларусь добраахвотна і бяз усякіх умоваў адмовілася ад ядзернай зброі».
«Рада Беларускае Народнае Рэспублікі заклікае дэмакратычныя краіны аказаць усю магчымую падтрымку беларускаму народу ў ягоным змаганьні за волю і незалежнасьць» — гаворыцца ў заяве.