«Ні фэйкавыя рэфэрэндумы, ні гібрыдная мабілізацыя ня зьменяць нічога. Расея як была, так і застаецца дзяржавай-агрэсарам, якая акупуе частку ўкраінскай зямлі. Украіна мае поўнае права вызваляць свае тэрыторыі і будзе і далей вызваляць іх, што б у Расеі ні казалі», — напісаў у твітэры кіраўнік МЗС Украіны Дзьмітрый Кулеба.
Кіраўнік Офіса ўкраінскага прэзыдэнта Андрэй Ярмак назваў заявы аб намерах правесьці рэфэрэндумы «наіўным шантажом». «Так выглядае страх разгрому. Вораг баіцца, прымітыўна маніпулюе. Украіна вырашыць расейскае пытаньне. Пагрозу можна ліквідаваць толькі сілай», — цытуе Ярмака ўкраінская служба Радыё Свабода.
Дарадца Ярмака Міхаіл Падаляк назваў намер правесьці рэфэрэндумы адказам Расеі на контранаступ украінскай арміі.
Раней у аўторак стала вядома, што ў прарасейскіх сэпаратысцкіх рэспубліках на ўсходзе Ўкраіны, якія кантралююцца Расеяй, а таксама ў Херсонскай вобласьці і ў частцы Запароскай прызначаныя даты рэфэрэндумаў аб далучэньні да Расеі. Акупацыйныя ўлады заплянавалі іх на 23–27 верасьня. Украіна неаднаразова заяўляла, што не прызнае вынікі такіх галасаваньняў.
- Абвяшчэньне галасаваньняў праходзіць на фоне ўдалага контранаступу ўкраінскай арміі, які завяршыўся вызваленьнем занятых расейскімі войскамі гарадоў у Харкаўскай вобласьці. У іх расейскія кіраўнікі раней таксама заяўлялі пра неабходнасьць правесьці галасаваньне.
- У аўторак жа Дзярждума РФ у экстраным парадку прыняла ў другім і трэцім чытаньні законапраекты, якія ўзмацняюць жорсткасьць пакараньня за злачынствы ў пэрыяд мабілізацыі і ваеннага становішча і ўводзяць новыя артыкулы ў Крымінальны кодэкс, у тым ліку за добраахвотную здачу ў палон і адмову выконваць дзяржзаказ у абароннай сфэры.