Дыплямат заявіў, што адраджэньне беларускіх нацыянальных традыцый пачалося з уваходжаньня шэрагу тэрыторый цяперашняй рэспублікі ў склад Расейскай імпэрыі ў 1772 годзе.
«Уваходжаньне Беларусі ў склад Расейскай імпэрыі стварыла перадумовы для сапраўднага адраджэньня беларускіх нацыянальных традыцый. Мы вярнулі ролю праваслаўя, усьвядомілі сваю самабытнасьць, якая да гэтых падзей наагул налічвала некалькі стагодзьдзяў, цалкам сфармавалі свой культурны код. Практычна загубленая, пераўтвораная ў дыялект беларуская мова атрымала новае жыцьцё, нарадзілася цудоўная беларуская літаратура. Да канца XIX стагодзьдзя тэрмін „беларусы“ канчаткова замацаваўся за насельніцтвам тэрыторыі ў межах сучаснай рэспублікі. Спатрэбілася ўсяго толькі некалькі дзясяткаў гадоў мірнага, брацкага, паважлівага жыцьця з расейскім народам», — сказаў Круты. Яго словы цытуе агенцтва ТАСС.
У 1772 годзе Расея, Аўстрыя і Прусія правялі першы разьдзел Рэчы Паспалітай. Да Расеі адышлі значная частка Полацкага ваяводзтва, часткі Рэчыцкага павету, Менскага ваяводзтва і амаль цалкам Віцебскае і Мсьціслаўскае ваяводзтвы. Далучаная да Расеі тэрыторыя Беларусі была ўключаная ў склад утвораных Магілёўскай і Пскоўскай губэрняў.
У падобным духу выказаўся 17 верасьня ў Менску Лукашэнка падчас сьвяткаваньня так званага Дня народнага адзінства. Цэнтральная тэза ўсёй яго прамовы Лукашэнкі сталі словы аб тым, што толькі разам з усходнеславянскімі народамі беларусы квітнелі, а разам з Захадам — гібелі.