Савет міністраў пастановай № 607 унёс зьмены ў палажэньні аб парадку пропуску транспартных сродкаў празь беларускую мяжу. 17 верасьня дакумэнт апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Дакумэнтам вызначаны кошт рэгістрацыі ў электроннай чарзе. Яна складзе:
- 1 базавую велічыню (цяпер 32 рублі) за грузавы транспартны сродак і аўтобус,
- 0,3 базавай велічыні (9,6 рубля) за легкавы аўтамабіль, матацыкл і мапэд.
Аплочваць рэгістрацыю ў электроннай чарзе павінен кіроўца або ўласьнік транспартнага сродку.
Пастановай пашыраны пералік асобаў, вызваленых ад уезду ў зону чаканьня і рэгістрацыі. У яго ўключылі:
- тых, хто мае пасьведчаньне інваліда Айчыннай вайны, удзельніка вайны, інваліда I групы, а таксама фізычных асобаў, якія едуць зь дзецьмі-інвалідамі ва ўзросьце да 18 гадоў (калі яны не падарожнічаюць у аўтобусах, якія выконваюць нерэгулярныя перавозкі);
- фізычных асобаў, якія едуць па дыпляматычных пашпартах, службовых пашпартах грамадзян Рэспублікі Беларусь;
- кіраўнікоў і супрацоўнікаў дыпляматычных прадстаўніцтваў і прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый, консульскіх установаў (а таксама чальцоў іх сем’яў), акрэдытаваных у МЗС, незалежна ад тыпу пашпарта іх уладальнікаў пры праезьдзе на транспартных сродках з дыпляматычнымі (консульскімі) нумарамі (сэрыі CD і CC);
- замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, якія маюць дакумэнты, што пацьвярджаюць ступень цяжкасьці і выяўленасьці цяжкасьцяў фізычнай актыўнасьці 75-100% (за выключэньнем тых, хто падарожнічае аўтобусамі, якія выконваюць нерэгулярныя пасажырскія перавозкі).
З зоны чаканьня без чаргі змогуць выяжджаць фізычныя асобы зь дзецьмі да 3 гадоў, транспартныя сродкі «Белпошты», а таксама грузавікі зь небясьпечнымі грузамі.
Таксама ўрад устанавіў тэрміны ўкараненьня электроннай чаргі ў двух пунктах пропуску: у «Казловічах» яна павінна зьявіцца да канца 2023 году, а ў «Макранах» — да канца 2025 году.
Асноўныя палажэньні пастановы набудуць моц празь 5 дзён пасьля афіцыйнага апублікаваньня.