Пра гэта паведамляе ОВД-Инфо. Панамарэнка жывая, ёй аказана мэдычная дапамога. Тым ня менш суд адмовіўся зьмяніць ёй меру стрыманьня. Журналістку арыштавалі па абвінавачаньні ў распаўсюджваньні фэйкаў аб расейскім войску; на волі ў яе засталіся дзьве непаўналетнія дачкі.
Марыю Панамарэнку затрымалі 23 красавіка ў Санкт-Пецярбургу. 27 красавіка суд пастанавіў арыштаваць яе па артыкуле аб распаўсюджваньні загадзя ілжывай інфармацыі аб выкарыстаньні расейскіх Узброеных сіл. Падставай да завядзеньня справы стаў яе пост у сацыяльных сетках пра абстрэл драматычнага тэатру ў Марыюпалі, дзе хаваліся мірныя жыхары. З Пецярбургу Панамарэнку этапавалі ў Барнаул.
З 6 па 13 верасьня Панамарэнка была зьмешчаная ў карцар у СІЗА: на думку адміністрацыі СІЗА, яна разьбіла акно ў камэры. Марыя Панамарэнка пакутуе на кляўстрафобію і дэманстратыўны нэўроз, яе псыхічны стан пагоршыўся з прычыны цяжкіх умоў утрыманьня.
У Алтайскім краявым судзе Панамарэнка заявіла, што, акрамя ўласнага псыхічнага стану, яе прыгнятае таксама інфармацыя пра яе дачок, якія пакутуюць ад расстаньня з маці. Аднак суд пастанавіў, што Панамарэнка павінна па-ранейшаму заставацца ў СІЗА — як мінімум да 29 верасьня.
Раней Марыя Панамарэнка падчас сьледчых мерапрыемстваў была зьмешчаная ў псыхіятрычную бальніцу для правядзеньня судова-псыхіятрычнай экспэртызы і паведамляла пра гвалт над ёю ў бальніцы.