У судзе Івацэвіцкага раёну 15 верасьня адбыўся суд па замене Сьцяпану Латыпаву пакараньня на больш жорсткае, паведамляе Вясна. На пасяджэньні, акрамя судзьдзі, пракуроркі і супрацоўніка папраўчай калёніі, прысутнічаў і прадстаўнік Івацэвіцкага райвыканкаму ў якасьці назіральніка.
Пры гэтым суд заслухоўваў ягоную думку па кожным пытаньні. Латыпаў адразу хадайнічаў, каб на працэсе ў якасьці сьведак выступілі начальнік прамысловай зоны і намесьнік начальніка калёніі Сьвірыд, але суд адмовіў.
Вядома, што адміністрацыя калёніі патрабавала, каб палітвязьня перавялі ў турму на тры гады, але судзьдзя Аляксандар Кірыловіч пастанавіў перавесьці яго на турэмны рэжым тэрмінам на два гады. Хутка Латыпава этапуюць у турму.
Нядаўна стала вядома, што Латыпаў у ліпені на знак пратэсту супраць дзеяньняў адміністрацыі папраўчай калёніі № 22 глытаў лязо і рэзаў вену на руцэ. За гэта ён атрымаў 17 сутак у штрафным ізалятары.