Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Азэрбайджане заблякавалі TikTok за нэгатыўныя выказваньні аб войску краіны. Перастрэлкі на мяжы з Армэніяй прыпыніліся


Пахаваньне аднаго з загінулых азэрбайджанскіх жаўнераў
Пахаваньне аднаго з загінулых азэрбайджанскіх жаўнераў

Міністэрства абароны краіны нават абвінаваціла стваральнікаў ролікаў у сацыяльнай сетцы ў «разгалашэньні ваеннай тайны».

«12-13 верасьня бягучага году нашы ўзброеныя сілы прынялі адпаведныя меры рэагаваньня на маштабныя правакацыі, учыненыя армянскімі ўзброенымі сіламі на азэрбайджанска-армянскай мяжы. У цяперашні час на рэсурсе сацыяльнай сеткі „TikTok“ аб баявых дзеяньнях публікуецца інфармацыя, якая кідае цень на посьпехі нашай арміі, зьмяшчае ваенную тайну і мае на мэце фармаваньне памылковай думкі ў грамадзтве. Прынята рашэньне часова абмежаваць дзейнасьць сацыяльнай сеткі „TikTok“ на тэрыторыі Азэрбайджану, для чаго пададзена хадайніцтва ў адпаведныя органы.

Служба дзяржбясьпекі заклікае нашых грамадзян ня верыць падобнай непраўдзівай інфармацыі, якая распаўсюджваецца ў іншых сацыяльных сетках і разьлічана на паніку ў грамадзтве, і спасылацца толькі на афіцыйную інфармацыю дзяржаўных устаноў», — гаворыцца ў заяве азэрбайджанскага Мінабароны.

Сытуацыя на мяжы Азэрбайджану з Армэніяй абмяркоўвалася на закрытым паседжаньні Рады Бясьпекі ААН. Пазьней Сакратар Рады бясьпекі Aрмэніі Aрмэн Грыгар'ян сказаў, што дасягнута пагадненьне аб прыпыненьні баявых дзеяньняў. Дасягнулі згоды «пры дапамозе міжнароднай супольнасьці». Падрабязнасьці пагадненьня Грыгар'ян, аднак, не паведаміў.

14 верасьня міністар замежных спраў Азэрбайджану Джэйхун Байрамаў паведаміў, што Баку прадставіў Ерэвану прапанову аб аднабаковым гуманітарным спыненьні агню, у МЗС Армэніі заявілі, што ня маюць інфармацыі аб такой прапанове.

Азэрбайджан таксама выказаў гатоўнасьць перадаць целы каля 100 армянскіх вайскоўцаў. Прэм’ер-міністар Aрмэніі Нікол Пашыньян сказаў, што пры новых сутыкненьнях загінулі 105 армянскіх вайскоўцаў, а праціўнік захапіў 10 кв. км армянскай тэрыторыі.

Увечары 14 верасьня каля будынка Нацыянальнага сходу Aрмэніі адбыўся мітынг за адстаўку Пашыньяна з пасады прэм’ера краіны. Людзі перакрылі праспэкт Баграм'яна. Сутыкненьняў з паліцыяй, якую экстрэнна сьцягнулі на месца падзей, не адбылося.

За ноч з 14 на 15 верасьня новых інцыдэнтаў на армяна-азэрбайджанскай мяжы не зафіксавана.

Вядома, што ў ноч з 12 на 13 верасьня ўзброеныя сілы Азэрбайджану распачалі інтэнсіўны артылерыйскі абстрэл армянскіх пазыцый у прымежных раёнах. Армянскі бок сьцьвярджае, што пад агнём аказаліся некалькі вёсак. Загінулі каля 50 вайскоўцаў.

У Баку таксама заявілі аб гібелі 50 вайскоўцаў і абвінавацілі армянскі бок у абстрэлах тэрыторыі Азэрбайджану. Таксама азэрбайджанскі бок катэгарычна абвяргае сваё дачыненьне да абстрэлаў цывільнай інфраструктуры.

  • У канцы 2020 году паміж Армэніяй і Азэрбайджанам аднавіўся канфлікт вакол самаабвешчанага Нагорнага Карабаху. Пасьля 44 дзён супрацьстаяньня Баку і Ерэван пры пасярэдніцтве Масквы падпісалі пагадненьне аб спыненьні баявых дзеяньняў.
  • Пагадненьне, якое выклікала пратэсты апазыцыі ў Ерэване, пацьвердзіла дасягнутыя Азэрбайджанам ваенныя посьпехі — Баку вярнуў сабе частку тэрыторый былой Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці, а таксама навакольныя раёны, занятыя армянскімі ўзброенымі фармаваньнямі ў пачатку 1990-х гадоў. Кантроль за рэжымам спыненьня агню быў даручаны расейскім міратворцам.
  • Летам 2022 году Азэрбайджан указваў на невыкананьне шэрагу падпісаных дамоўленасьцяў і падкрэсьліваў, што армянскія ўзброеныя сілы ня цалкам выведзеныя з тэрыторыі Карабаху.
  • Самаабвешчаная Нагорна-Карабаская рэспубліка не прызнаная ніводнай краінай сьвету, уключаючы Армэнію.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG