Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандал у Польшчы: Улады схавалі доказы, якія супярэчаць тэорыі пра замах на прэзыдэнцкі самалёт


Месца авіякатастрофы. Красавік 2010 году
Месца авіякатастрофы. Красавік 2010 году

Падкамісія па расьсьледаваньні смаленскай катастрофы мела вынікі дасьледаваньняў, якія супярэчаць тэзісу пра выбух у крыле самалёта, то бок — пра замах на прэзыдэнцкі лайнэр. У авіякатастрофе пад Смаленскам у 2010 годзе загінулі больш за 90 высокапастаўленых польскіх чыноўнікаў, сярод якіх прэзыдэнт Лех Качыньскі з жонкай Марыяй.

Як паведамляе тэлеканал TVN24, які правёў расьсьледаваньне, кіраўнік падкамісіі Антоні Мацярэвіч (былы міністар абароны. — РС), вырашыў не публікаваць у выніковым дакладзе доказы, якія абвяргаюць вэрсію пра замах на борце прэзыдэнцкага лайнэра. Тэлеканал паказаў невядомыя раней матэрыялы, у тым ліку аналізы Нацыянальнага інстытуту авіяцыйных дасьледаваньняў ЗША (NIAR), якія былі схаваныя падкамітэтам.

«Падкамісія выбаркова разглядала доказы, якія ў яе былі, — расказаў у інтэрвію TVN24 Марэк Дамброўскі, былы сябра камісіі.

«Нязручныя доказы альбо замоўчваліся, альбо інтэрпрэтаваліся насуперак іх зьместу. У выпадку са Смаленскам напісаньне дакладаў з загадзя прынятымі тэзісамі зьяўляецца стандартам ад пачатку. Магчыма, таму, што ўсе гэтыя камітэты падпарадкоўваліся палітыкам. (...) Нашы аргумэнты ігнараваліся гадамі. Гэта недапушчальна», — кажа Дамброўскі. Разам зь ім падкамісію пакінулі яшчэ два чальцы.

Падкамісія Мацярэвіча наняла навукоўцаў з Нацыянальнага інстытуту авіяцыйных дасьледаваньняў ЗША. Адна з сымуляцый, зробленая амэрыканцамі, пацьвердзіла высновы польскай пракуратуры пра тое, што Ту-154М ударыўся аб дрэвы і самалёт перакуліўся шасі дагары. Аднак гэтая частка дасьледаваньня не ўвайшла ані ў справаздачу падкамісіі, ані ў дадаткі да яе.

Навукоўцы зь NIAR стварылі лічбавую мадэль бярозы на аснове дрэў, адмыслова прывезеных з Расеі. На падставе гэтых дадзеных яны правялі мадэляваньне аварыі, якое паказала, што бяроза на шляху прызямленьня магла пашкодзіць крыло самалёта. Гэтая выснова, як і многія іншыя, таксама не ўвайшла ў выніковую справаздачу смаленскай падкамісіі.

Першая камісія, якая вывучала катастрофу, зрабіла выснову, што прычынай катастрофы стала недапушчальнае зьніжэньне самалёта, калі ён спрабаваў прызямліцца, і сутыкненьне з дрэвамі. Паводле гэтай папярэдняй камісіі, рэгістратары палёту, якія знаходзіліся на борце самалёта, не пацьвярджаюць вэрсіі аб выбуху ў машыне. Новая падкамісія на чале з Мацярэвічам была сфармаваная пасьля таго, як да ўлады ў краіне прыйшла партыя «Права і справядлівасьць», кіраваная Яраславам Качыньскім, братам загінулага прэзыдэнта.

Сам Антоні Мацярэвіч сьцьвярджае, што не хаваў ніякіх доказаў, і адмаўляе інфармацыю тэлеканалу TVN24.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG