Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адбыўся выбух у крыле». У Польшчы новая камісія па смаленскай катастрофе абвяргае першую


Месца катастрофы
Месца катастрофы

Сёньня ў Польшчы ўзгадваюць ахвяраў авіякатастрофы прэзыдэнцкага лайнэра 10 красавіка 2010 года. У выніку гэтага здарэньня загінулі прэзыдэнт Лех Качыньскі, ягоная жонка Марыя і яшчэ 94 пасажыры самалёту ТУ-154.

Як паведамляе Польскае радыё, сёньня было абвешчана, што канчатковы даклад камісіі па паўторным расьсьледаваньні прычынаў авіякатастрофы будзе апублікаваны напрыканцы бягучага і пачатку будучага году. Пра гэта заявіў кіраўнік падкамісіі і былы міністар нацыянальнай абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч.

Прэзэнтацыя канчатковых высноваў адбудзецца пасьля завяршэньня працы амэрыканскай дасьледчай групы. Але прычыны аварыі самалёту, паводле Антонія Мацярэвіча, ужо пацьверджаныя.

«Адбыўся выбух у крыле, а пазьней у цэнтрапляне — гэта стала прычынай сьмерці», — сказаў ён.

Мацярэвіч адзначыў, што па гэтай справе няма сумневаў, паколькі наяўнасьць выбуховых рэчываў была тройчы пацьверджана ў тых месцах, дзе камісія сьцьвердзіла найбольшыя пашкоджаньні і дэфармацыі.

«Гэта ў 2012 і 2013 гадах пацьвердзілі вынікі вадкаснай храматаграфіі, а цяпер — вынікі дасьледаваньня, праведзенага брытанскай лябараторыяй», — падкрэсьліў кіраўнік падкамісіі па паўторным расьсьледаваньні прычынаў смаленскай авіякатастрофы.

Учора Антоні Мацярэвіч паведаміў, што камісія зьвярнулася ў пракуратуру наконт магчымасьці ўчыненьня злачынства з боку былога старшыні і сябраў Камісіі па дасьледаваньні авіякатастрофаў.

Папярэдняя камісія, якая вывучала катастрофу, зрабіла выснову, што прычынай катастрофы стала недапушчальнае зьніжэньне самалёту падчас спробы прызямленьня і сутыкненьне з дрэвамі. Паводле гэтай папярэдняй камісіі, рэгістратары палёту, якія знаходзіліся на борце самалёта, не пацьвярджаюць вэрсіі аб выбуху ў машыне.

Новая падкамісія была сфармаваная пасьля таго, як да ўлады ў краіне прыйшла партыя Права і справядлівасьць, кіраваная Яраславам Качыньскім, братам загінулага прэзыдэнта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG