Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 600 некамэрцыйных арганізацый знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі ў Беларусі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Офіс Беларускай асацыяцыі журналістаў пасьля ператрусу
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Офіс Беларускай асацыяцыі журналістаў пасьля ператрусу

Паводле зьвестак Цэнтру прававой трансфармацыі Lawtrend, ня менш за 602 некамэрцыйныя арганізацыі цяпер знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі ў Беларусі.

У гэты лік уваходзяць пададзеныя ў суд іскавыя заявы аб прымусовай ліквідацыі або прымусовае выключэньне з Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў.

За месяц, паводле падлікаў Lawtrend, у пералік дадаліся 65 арганізацый (у папярэдні маніторынгавы пэрыяд — у ліпені 2022 году— 537 некамэрцыйных арганізацый знаходзіліся ў стадыі ліквідацыі).

Адзначаецца рэгулярны рост колькасьці арганізацый, якія прынялі рашэньне аб самастойнай ліквідацыі. На канец жніўня іх было 363.

«Такім чынам, грамадзкі сэктар Беларусі, пачынаючы з поствыбарчага пэрыяду 2020 году, пазбавіўся ўжо ня менш за 965 інстытуцыяналізаваных формаў некамэрцыйных арганізацый (грамадзкіх аб’яднаньняў, прафэсійных саюзаў, фондаў, недзяржаўных установаў і асацыяцый)», — адзначаецца ў аглядзе.

Да жніўня 2020 году ў Беларусі працавалі сотні некамэрцыйных грамадзкіх арганізацый, якія займаліся экалёгіяй, культурай, дапамогай пацярпелым ад гвалту, урбаністыкай ды іншымі карыснымі для грамадзтва рэчамі. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі пачалася масавая «зачыстка» і ліквідацыя НДА.

У ліпені 2021 году Лукашэнка заявіў, што «і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў Беларусі (...) пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў», але потым нібыта зразумелі, што гэта «шкода для дзяржавы» і пачалі «зачыстку», бо ў гэтых арганізацыях нібыта працуюць «ужо тысячы нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі».

У канцы жніўня 2022 году кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Ігар Сяргеенка паведаміў, што ў Беларусі за 2 гады ліквідавана больш за 400 недзяржаўных арганізацый і назваў гэта «аздараўленьнем грамадзкага поля».

«Дзякуючы сумесным намаганьням органаў улады за пэрыяд з 2020 году грамадзкае поле краіны істотна аздаравілася. Спынена дзейнасьць 373 дэструктыўных і іншых сумнеўных абʼяднаньняў, 44 установаў, а таксама так званых незалежных прафсаюзаў», — заявіў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG