Працэс над Дзянісам Івашыным праходзіць ў закрытым рэжыме ў будынку Горадзенскага абласнога суду, паведаміла маці журналіста Людміла Івашына.
Паводле зьвестак «Вясны», справу разглядае судзьдзя Валер Раманоўскі.
Стала вядома, што на суд да журналіста прыехалі замежныя дыпляматы — прадстаўнікі Чэхіі, Вялікай Брытаніі, Аўстрыі.
Дзяніса Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 году.
Адразу ён праходзіў падазраваным паводле арт. 365 Крымінальнага кодэксу (умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Пазьней Івашыну выставілі абвінавачваньне яшчэ і паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). А нядаўна КДБ Беларусі абвінаваціў Дзяніса ў супрацоўніцтве з украінскай выведкай.
Палітвязьня трымаюць у горадзенскай турме.
Дзяніс Івашын вядомы сваімі расьсьледаваньнямі пра ўплыў «русского мира» на Беларусь, пра скандальную забудову ў Курапатах і пра пераход былых украінскіх «беркутаўцаў» у сілавыя структуры Беларусі.
Таксама Івашын валянтэрыў як рэдактар сайта міжнароднай расьсьледавальніцкай супольнасьці InformNapalm, працаваў пазаштатным карэспандэнтам газэты «Новы час».