Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі ідзеш празь пекла — не спыняйся». Як у сацсетках віншуюць Ціханоўскую з 40-годзьдзем


Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота

11 верасьня дэмакратычнай лідэрцы Беларусі Сьвятлане Ціханоўскай споўнілася 40 гадоў.

Як паведамляе Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, сёньня ў чат-бот і пошту прыходзіць вялікая колькасьць кранальных віншаваньняў для яе — зь цёплымі словамі і пажаданьнямі, з песьнямі, з дзіцячымі малюнкамі.

Прэс-сакратарка Ціханоўскай Ганна Красуліна распавяла «Белсату», што Святлана сёньня праводзіць дзень з дзецьмі. Яна ня любіць гучна адзначаць свае дні нараджэньня.

«Так што падарункам каманды можна лічыць прадстаўленьне ёй дня адпачынку, без працы і пратаколу. Заўтра ў офісе торцікам з гарбатай адзначым», — сказала Красуліна.

Зрабілі невялікую падборку віншаваньняў з сацыяльных сетак.

«Ведайце, што ёсьць побач людзі, якія не здрадзяць. Разам пераможам!», — віншую Ціханоўскую Яўген Буры, экс-супрацоўнік Рады бясьпекі Беларусі, сузаснавальнік асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA), спэцыяліст эканамічнага аналізу і рэформаў.

«Калі ідзеш празь пекла — не спыняйся. І памятай аб тым, што нават у самыя змрочныя і цёмныя часы побач ёсць людзі якія ідуць той жа дарогай. Зь днём нараджэньня, спадарыня прэзыдэнт», — так віншуе адзін зь кіраўнікоў Bysol Андрэй Стрыжак.

«Далікатная жанчына супраць крывавага дыктатара. Яшчэ ніколі ў беларускага пратэсту не было такой мяккай, настойлівай і доўгайграючай сілы», — адзначае ў віншаваньні псыхоляг Лілія Ахрэмчык.

«Жанчына, якая сказала „так“ свайму пакліканьню, якая стала наперадзе нашага вызвольнага дэмакратычнага руху, якая ўмее слухаць, умее давяраць, умее працаваць у камандзе. Але галоўнае, яна сказала нам „так“», — так віншую Ціханоўскую тэоляг Натальля Васілевіч.

Увечары 11 верасьня Сьвятлана Ціханоўская падзякавала празь відэазварот «кожнаму, што зрабіў гэты дзень для мяне ўтульным. Вы даеце мне моцы, каб рухацца далей».

«Я пачула вельмі шмат добрых, цёплых, натхняльных словаў», — сказала экс-кандыдатка ў прэзыдэнты ў відэазвароце, які разьмешчаны ў яе тэлеграм-канале.

Яна асобна выказала падзяку камандзе свайго офісу, чальцам створанага з яе ініцыятывы Аб’яднанага пераходнага кабінэту і Кааардынацыйнай рады па урэгуляваньні палітычнага крызісу, актывістам, дзеячам культуры, дыпляматам, беларусам замежжа і тым, хто жыве ў краіне.

«Дзякуй, Сухарава, „Вольная Лошыца“ і іншыя актывісты Беларусі, — зазначыла Ціханоўская. — Дзякуй кожнаму, хто зрабіў гэты дзень такім утульным для мяне. Вы прыдаяце мне моцы, каб рухацца далей».

Ціханоўская нарадзілася 11 верасьня 1982 года ў пасёлку Мікашэвічы Лунінецкага раёну Берасьцейскай вобласьці.

Хто такая Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская
  • Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
  • 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
  • Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
  • Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
  • Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
  • З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
  • Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
  • 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
  • 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
  • Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
  • Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
  • Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
  • За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
  • Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
  • У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
  • У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
  • Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
  • У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
  • У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG