Пра гэта інфармуе рэгіянальны праваабарончы сайт «Віцебская вясна».
Ініцыятыву закрыцьця арганізацыі, якая 20 гадоў актыўна прасоўвала на Віцебшчыне ідэалёгію «русского мира», узяло на сябе кіраўніцтва Галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму.
ВГА «Руская абшчына» было створана з мэтай аб’яднаньня грамадзян расейскай нацыянальнасьці для сумеснай рэалізацыі грамадзянскіх, эканамічных, сацыяльных і культурных правоў.
У задачы гэтага грамадзкага аб’яднаньня ўваходзіла садзеяньне фармаваньню расейскай нацыянальнай самасьвядомасьці сваіх сяброў, якія жывуць на тэрыторыі Віцебска. Арганізацыя разнастайнымі спосабамі і мэтадамі папулярызавала расейскую культуру і традыцыі, навязвала інтэнсіўнае вывучэньне расейскай гісторыі ў такім выглядзе, як яе інтэрпрэтуюць расейскія імпэрцы.
Таксама гэтая арганізацыя ўваходзіла ў склад Каардынацыйнай рады Беларускага саюза грамадзкіх аб’яднаньняў расейскіх суайчыньнікаў.
Паводле праваабаронцаў, у красавіку 2021 году адбыўся працоўны візыт у Віцебск кіраўніка прадстаўніцтва «Россотрудичества» ў Рэспубліцы Беларусь Эдуарда Крусткалны. Ён сустрэўся з кіраўнікамі і прадстаўнікамі грамадзкіх арганізацый расейцаў Віцебску. Крусткална паставіў перад віцебскімі «рускаміроўцамі» новую мэту — актывізаваць прасоўваньне інтарэсаў кіруючых колаў суседняй дзяржавы ў галіне адукацыі, культуры і навукі, а таксама зьвярнуў увагу на галоўную мэтавую групу — маладое пакаленьне беларусаў.
Аднак улады Віцебску вырашылі арганізацыю ліквідаваць.