Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС уключыла ў сьпіс экстрэмістаў яшчэ пяць чалавек, у тым ліку журналіста Андрэя Кузнечыка


Андрэй Кузьнечык на тле свайго ліста з турмы
Андрэй Кузьнечык на тле свайго ліста з турмы

Міністэрства ўнутраных спраў унесла яшчэ пяць чалавек у «пералік грамадзян, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».

У сьпіс увайшлі 43-гадовы журналіст «Радыё Свабода» Андрэй Кузнечык, 28-гадовы Яўген Люльковіч, 38-летні Аляксандар Курганскі, 40-гадовы Аляксей Маеўскі, 44-гадовы Дзяніс Граханаў.

Усе са згаданых, акрамя Маеўскага, былі прызнаныя палітвязьнямі.

На гэты момант у пераліку фігуруюць імёны 479 чалавек, большасьць зь іх — грамадзяне Беларусі.

МУС паведамляе, што грамадзянам, уключаным у пералік, да пагашэньня судзімасьці і на працягу пяці гадоў пасьля яе пагашэньня забараняецца «займацца дзейнасьцю, зьвязанай з абаротам наркатычных сродкаў, зброі, выбуховых рэчываў, пэдагагічнай дзейнасьцю, выдавецкай дзейнасьцю», а таксама «займаць дзяржаўныя пасады» і «праходзіць вайсковую службу«.

Іншаземцам, уключаным у пералік, можа быць адмоўлена ў выдачы візы або непасрэдна ва ўезьдзе ў Беларусь.

  • Андрэя Кузьнечыка затрымалі, калі ён выйшаў увечары з кватэры пакатацца на ровары. Вярнуўся дадому ён у суправаджэньні чатырох сілавікоў. У кватэры зладзілі ператрус, забралі аргтэхніку, запатрабавалі пароль ад тэлеграм-каналу Радыё Свабода.
  • Дзеці Андрэя і Алесі — васьмігадовая Яніна і двухгадовы Мацьвей — былі сьведкамі затрыманьня таты.
  • Спачатку Андрэя абвінавацілі ў дробным хуліганстве, зьмясьцілі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў і прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту. На свабоду ён так і ня выйшаў: абвінавацілі ў непадпарадкаваньні і дадалі яшчэ два разы па 10 сутак.
  • 23 сьнежня 2021 году стала вядома, што на Кузьнечыка завялі крымінальную справу і перавялі яго ў СІЗА № 1 на Валадарскага.
  • 12 траўня зьявілася інфармaцыя, што Кузьнечыка перавялі зь СІЗА-1 у магілёўскую турму. 8 чэрвеня палітзьняволенаму журналісту Свабоды Андрэю Кузьнечыку прысудзілі 6 год пазбаўленьня волі з адбываньнем у калёніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачаньні ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361–1 КК). Закрыты працэс правялі за некалькі гадзін, акалічнасьці справы невядомыя. Вярхоўны суд разгледзеў апэляцыю Кузьнечыка і пакінуў прысуд бязь зьменаў.
  • Варта адзначыць, што кантэнт Радыё Свабода быў прызнаны ўладамі «экстрэмісцкім», а само Радыё Свабода «экстрэмісцкім фармаваньнем» ужо пасьля затрыманьня Андрэя. То бок журналіста асудзілі за кіраваньне тым, чаго на момант яго арышту не існавала.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG