Ён зазначыў, што пра гэтую праблему паведамілі прадстаўнікі некалькіх незалежных мэдыя, якія працягваюць працу па-за межамі Беларусі.
Паводле інфармацыі журналістаў, блякаваньне сайтаў беларускімі ўладамі Google «кваліфікуе як крытэрый ненадзейнасьці сайта і істотна паніжае выдачу ў пошукавых сыстэмах».
На гэты момант камунікацыя паміж журналісцкай супольнасьцю і карпарацыяй ні да чога не прывяла, канстатаваў Бастунец. Паводле яго, у Google адказалі, што «так уладкаваныя іх альгарытмы».
Так, напрыклад, пры пошуку інфармацыі пра Эміля Чэчку — польскага вайскоўца, які дэзэртаваў у Беларусь падчас міграцыйнага крызісу і пазьней быў знойдзены павешаным, — «пошукавая сыстэма выдае нататкі „Интерфакса“, „Спутника“ і іншых прапагандысцкіх СМІ». Кантэнт незалежных мэдыя на гэтую тэму, зьвярнуў увагу Бастунец, «знаходзіцца недзе далёка ўнізе».
Па словах старшыні БАЖ, аналягічная сытуацыя з пошукам інфармацыі па вайне ва Ўкраіне — у першую чаргу карыстальнікі бачаць афіцыйную інфармацыю ад уладаў Расеі і Беларусі, а не ад незалежных крыніц.
«Атрымліваецца, як кажуць калегі, Google выступае як распальвальнік вайны», — заявіў Бастунец.