2016 год. «Падняць заробак настаўнікам на чвэрць»
У верасьні 2016 году Лукашэнка паабяцаў падняць заробак настаўнікам на чвэрць. Гэта, на ягоную думку, павінна было замацаваць настаўнікаў у школах і спыніць адток кадраў.
Сярэдні заробак у адукацыі па выніках 2016 году склаў 515,6 рубля — пры сярэднім заробку 722,7 рубля па ўсіх сфэрах. Па выніках 2017 году сярэдні заробак у адукацыі — 567,5 рубля. За год ён вырас толькі на 9%, а зусім не на чвэрць, як абяцаў Лукашэнка.
Сярэдні ж заробак за год у рублях вырас на 12%, то бок рос хутчэй, чым у настаўнікаў.
2018 год. «Падняць заробак настаўнікам удвая»
У лютым 2018 году Лукашэнка запатрабаваў павялічыць заробак настаўнікам удвая «за бліжэйшыя гады».
У 2018 годзе сярэдні заробак у адукацыі — 665 рублёў. У 2019 годзе — 774,3 рубля. За год рост 14%, але абяцаньне было «за некалькі гадоў».
У 2020 годзе заробак настаўніка складаў 871,7 рубля. Рост у параўнаньні з 2018-м — 23,7%. Ніяк не палова.
І нават праз тры гады, у 2021 годзе, заробак у настаўніка вырас толькі на траціну, да 969,7 рублёў, але ніяк не ўдвая.
Калі пералічваць у даляры, то за тры гады сярэдні заробак у адукацыі вырас з 327 да 383 даляраў. То бок на 14,6%.
У чэрвені 2022 году сярэдні заробак у адукацыі вырас да 1251,3 рубля. Рост за 4 гады (з 2018 году) у 1,8 раза, або амаль удвая. Аднак у далярах ён дарос да 496, або падняўся на 34%.
Што з кадрамі ў школах?
У 2018 годзе, калі настаўнікам абяцалі падняць заробак удвая, у школах працавалі 114,9 тысячы настаўнікаў. А ў мінулым навучальным годзе — 106,7 тысячы. Або на 8,2 тысячы менш.
Гэта магчыма было б патлумачыць меншай колькасьцю вучняў, але вучняў стала, наадварот, больш. З 994,5 тысячы ў 2018 годзе іх колькасьць павялічылася да 1,076 мільёна ў 2022-м.
У адным толькі Заводзкім раёне Менску ў школах 87 вакансій, большасьць месцаў — для настаўнікаў.
У Партызанскім раёне Менску ў школах і дзіцячых садках 160 вакансій.
Ва ўстановах адукацыі Кастрычніцкага раёну Менску 243 вакансіі,о у Фрунзэнскім раёне — 569 вакансій, у Цэнтральным — 223, у Савецкім — 307, у Маскоўскім — 334.