Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Квіткі ў Менск? Вам Далёкі Ўсход па сьпісах — толькі туды», — дарадца мэра Марыюпалю пра дэпартацыю ўкраінцаў


Эвакуацыя ўкраінцаў падчас расейскага ваеннага нападу. Ілюстрацыйнае фота
Эвакуацыя ўкраінцаў падчас расейскага ваеннага нападу. Ілюстрацыйнае фота

Больш за ўсё выпадкаў дэпартацыі ўкраінцаў у Расею з акупаваных расейскім войскам тэрыторый было зафіксавана ў Марыюпалі, які фактычна сьцерла з твару зямлі расейская артылерыя.

Дарадца мэра Марыюпалю Пятро Андрушчанка і расейскі праваабаронца Грыгорый Міхноў-Вайтэнка, які дапамагае ўкраінскім уцекачам, што апынуліся ў Расеі, расказалі ў эфіры «Настоящего времени» пра тое, як украінцаў дэпартуюць з радзімы.

Па словах Пятра Андрушчанкі, падчас дэпартацыі людзей з Марыюпалю адрэзалі ад магчымасьці выяжджаць у бок Украіны.

«Іх выводзілі ў паўзах паміж абстрэламі толькі ў адзін бок. Гэты прымус — адсутнасьць выбару. Пасьля празь «фільтраваньне» прапускалі ўсіх. А далей непасрэдна вакзал у Растове. Там пасьля незразумела якіх падпісаных папер ім давалі білет у адзін канец у прыпісаны рэгіён. Чыстай вады прымус — маральны, фізычны. Людзі спрабавалі ўцячы з вакзала, перабрацца на іншыя вакзалы, у прыватнасьці з Таганрога ў Растоў, там купіць квіткі на Менск і ехаць далей. Ім там казалі: «Пачакайце, якія вам білеты на Менск? Вам Далёкі Ўсход па сьпісах — толькі туды», — расказаў Андрушчанка.

Паводле расейскага праваабаронцы Рыгора Міхнова-Вайтэнкі, украінцам, вывезеным з акупаваных тэрыторый, прапануецца толькі адзін білет у канкрэтны рэгіён.

«Выбару ніякага не было, і людзі былі вымушаныя ехаць строга па загаданым маршруце. Праўда, калі яны дабіраліся да гэтага месца, там ужо ніхто іх ніякім чынам не стрымліваў. І як толькі яны зьвязваліся з той ці іншай валянтэрскай арганізацыяй ці са сваімі сваякамі, яны дастаткова спакойна маглі пакінуць пункт часовага разьмяшчэньня.

Апошнія некалькі месяцаў дастаткова вялікая колькасьць людзей, у тым ліку, наколькі я разумею, з Марыюпалю, выбіраюцца самастойна. Там ужо ўзьніклі нейкія людзі, якія дапамагаюць гэта рабіць за невялікія грошы: дабрацца да Расеі. І там ужо людзі самі купляюць спачатку квіткі на электрычку, дабіраюцца да Растова, дзе валянтэрскія ўсялякія арганізацыі дапамагаюць паехаць туды, куды яны просяць».

Пятро Андрушчанка расказаў, што яму вядомыя выпадкі прымусовага вывазу з краіны ўкраінскіх дзяцей без бацькоў.

«На тэрыторыі Марыюпалю быў дзіцячы касьцёва-тубэркулёзны дыспансэр для асаблівых дзетак. Бацькі пакінулі дзяцей незадоўга да пачатку вайны і паехалі ў водпуск. Пачалася вайна, блякада Марыюпалю, бацькі тут, дзеці там. Дзяцей вывезьлі спачатку ў Данецк, там іх хавалі. Потым дзеці апынуліся ў Расеі. На сёньняшні дзень, наколькі я ведаю, офіс украінскага амбудсмэна да гэтага часу вядзе працу ў пошуку і вяртаньні гэтых дзяцей ва Ўкраіну. Але гэта з абуральных выпадкаў, калі дакладна вядома, што дзеці не сіроты, а бацькі іхныя тут».

«Краснаярскі край напісаў пра 1300 марыюпальскіх дзяцей, тысячу зь якіх ужо ўсынавілі. Але лічба блізкая да рэальнай, я думаю, прынамсі ня больш чым напалову яна завышаная. Гэта асобная вялікая балючая тэма нашых дзяцей», — расказаў Пятро Андрушчанка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG