Паводле летняга (чэрвень-ліпень) дасьледаваньня грамадзкай думкі Eurobarometer, пераважная большасьць жыхароў краінаў Эўразьвязу выступае за падтрымку Ўкраіны ў сувязі з нападам Расеі.
92% апытаных падтрымліваюць аказаньне гуманітарнай дапамогі, 90% — наданьне прытулку ўкраінцам, якія выяжджаюць у краіны ЭЗ з прычыны вайны, 78% рэспандэнтаў ухваляюць пэрсанальныя санкцыі супраць расейскіх чыноўнікаў і бізнэсоўцаў.
68% рэспандэнтаў падтрымліваюць ваенную дапамогу Ўкраіне за кошт бюджэту Эўразьвязу. 57% апытаных задаволеныя тым, як Эўразьвяз адрэагаваў на расейскую агрэсію супраць Украіны, 55% апытаных ухваляюць рэакцыю на гэта ўрадаў сваіх краінаў.