Пра гэта сказана ў артыкуле, напісаным Залужным у суаўтарстве з дэпутатам Вярхоўнай Рады Міхаілам Забродзкім. Артыкул прысьвечаны магчымым будучым сцэнарам баявых дзеяньняў у вайне Расеі супраць Украіны.
Выбухі на авіябазе, разьмешчанай побач з крымскім горадам Сакі, адбыліся на пачатку жніўня. Раней афіцыйныя прадстаўнікі Ўкраіны не пацьвярджалі і не адмаўлялі, што прычынай выбухаў сталі ракетныя ўдары. Мінабароны РФ афіцыйна адмаўляла, што прычынай выбухаў былі дзеяньні ўкраінскіх сілаў, і сьцьвярджала, што яны не прынесьлі вялікай шкоды ваеннай тэхніцы, хоць спадарожнікавыя здымкі пацьвердзілі, што значная колькасьць самалётаў была зьнішчаная або пашкоджаная.
Пра ўдары па Крыме Залужны піша ў кантэксьце задачаў Узброеных сілаў Украіны на 2023 год. На думку Залужнага, мэтай апэрацыяў Украіны зьяўляецца тое, каб вайна перастала мець для расейцаў «дыстанцыйны» характар, і менавіта на дасягненьне гэтай мэты накіраваныя былі ў тым ліку і ўдары па Крыме. «Справа менавіта ў беспакаранасьці, якая забясьпечваецца фізычнай аддаленасьцю. У гэтым і палягае сапраўдны цэнтар цяжару праціўніка. І мы не маем права пакідаць яго без належнай увагі» — піша Залужны.
На яго думку, наяўнасьць «нават небясьпекі выкарыстаньня Ўзброенымі сіламі Ўкраіны сродкаў паражэньня адпаведнай дасяжнасьці» прымусіць і ўлады, і насельніцтва Расеі па-іншаму ставіцца да вайны.
Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны лічыць, што канфлікт не завершыцца ў 2022 годзе. Ён піша аб тым, якія мэты, на яго думку, можа цяпер ставіць перад сабой Расея і як павінна дзейнічаць Украіна, каб сарваць гэтыя пляны.
На думку Залужнага, «некаторыя апэратыўныя пэрспэктывы для праціўніка праглядаюцца на Ізюмскім і Бахмуцкім напрамках. Верагоднай канчатковай мэтай такіх дзеяньняў можа быць разгледжаны выхад на адміністрацыйную мяжу Данецкай вобласьці». Таксама ўкраінскі генэрал не выключае наступаў з мэтай авалодаць Запарожжам і Дняпром, а таксама вяртаньня да задумы захапіць Кіеў.
Пры гэтым найбольш рэальныя, на думку Залужнага, пляны наступленьня на поўдні, у напрамку Мікалаева, Адэсы або Крывога Рогу. На думку Залужнага, Расея, ставячы пляны наступленьня на поўдні, абапіраецца на трывалы кантроль над Крымам.
Украінскі галоўнакамандуючы апісаў шэраг праблемаў, зь якімі цяпер сутыкаюцца ўкраінскія вайскоўцы, у прыватнасьці нявыгадную канфігурацыю лініі фронту, недахоп сродкаў агнявога паражэньня і СПА. «Адзіным шляхам кардынальнай зьмены стратэгічнай сытуацыі, безумоўна, зьяўляецца нанясеньне Ўзброенымі сіламі Ўкраіны на працягу кампаніі 2023 некалькіх пасьлядоўных, а ў ідэальным выпадку — адначасовых контрудараў», — піша Залужны.
На яго думку, цэнтрам украінскіх апэрацый павінна стаць дужаньне за валоданьне Крымам. Ключавую ролю ў падрыхтоўцы такога наступу, як піша Залужны, грае атрыманьне ад краін Захаду дастатковай колькасьці сучасных узбраеньняў. Галоўнакамандуючы назваў канкрэтныя тыпы ўзбраеньня, якія патрэбны для нівэляваньня перавагі Расеі ў дальнабойных сродках паражэньня. Гаворка ідзе аб ракетах ATACMS для РСЗА HIMARS, але ня толькі.