У вёсках 6,4% жывуць за рысай беднасьці
3,9% беларусаў маюць сярэднемесячны даход ніжэйшы за пражытковы мінімум. Бюджэт пражытковага мінімуму са жніўня гэтага году складае 328 рублёў 50 капеек. Гэта значыць, што гэтыя людзі жывуць за рысай беднасьці.
У вёсках такіх людзей 6,4%, у гарадах — 3,1%, падлічвае Белстат. Найбольш людзей з такім нізкім даходам жыве ў Магілёўскай вобласьці — 5,9%, а найменш у Менскай — 1,2%.
73% тратаў беларусаў — спажывецкія расходы
41,2% сваіх даходаў беларусы трацяць на харчаваньне, 31,5% — на нехарчовыя тавары. 24,7% даходаў ідзе на паслугі, зь іх 6,5% — гэта жыльлёва-камунальныя паслугі.
У 2021 годзе штомесячны даход на душу насельніцтва ў Беларусі складаў 907 рублёў 3 капейкі пры сярэднім заробку ў 1434,4 рубля.
Адкуль даходы ў беларусаў
65,1% даходаў беларусаў — гэта заробкі. 22,7% — трансфэры ці пераводы ад іншых асобаў, у тым ліку з-за мяжы.
7,8% даходаў беларусаў — гэта сродкі ад прадпрымальніцкай дзейнасьці. 2,6% — даходы ад маёмасьці, у тым ліку здача жыльля.
7% беларусаў дрэнна ацэньваюць стан свайго здароўя.
63,9% беларусаў ацэньваюць стан свайго здароўя як здавальняючы, 29,1% лічаць, што здароўе ў іх добрае, і 7% — што дрэннае.
7,6% жанчын ацэньваюць сваё здароўе як кепскае, 67,9% — як здавальняючае, і 24,5% — як добрае.
Сярод мужчын кепска сваё здароўе ацэньваюць 6,1%, добра яго ацэньваюць 36,1% мужчын, здавальняюча — 57,8%.
Пры гэтым у Беларусі зьніжаецца колькасьць лекараў: калі ў 2020-м іх было 43,1 тысячы, то ў 2021 годзе — 41,7 тысячы чалавек. Мінус 1,4 тысячы за год.
Беларускіх турыстаў стала менш у 1,5 раза
Згодна з статыстыкай, беларускія турысты менш сталі езьдзіць за мяжу. Калі ў 2018 годзе зь Беларусі ў іншыя краіны прыехаў 680 691 турыст, то ў 2021 годзе — толькі 426 436 арганізаваных турыстаў. Іх колькасьць за 4 гады зьменшылася ў 1,5 раза.
Гэтая статыстыка ня ўлічвае тых, хто выехаў у краіны СНД. Найбольш у 2021 годзе езьдзілі ў Эгіпет, Турэччыну, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Польшчу, Грузію.
36 356 чалавек асудзілі ў 2021 годзе
У 2021 годзе ў Беларусі агулам асудзілі 36 356 чалавек. Агулам зарэгістравалі 87 696 злачынстваў. Годам раней злачынстваў зарэгістравалі на 7,7 тысячы менш.
Найбольш распаўсюджаныя злачынствы: крадзеж — 25 369 выпадкаў, злачынствы ў сфэры кампутарнай тэхнікі — 15,5 тысячы, махлярства — 4,7 тысячы, злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі — 4,7 тысячы.