Выступаючы на Ўсходнім эканамічным форуме ва Ўладзівастоку, Пуцін паабяцаў абмеркаваць гэтае пытаньне з турэцкім прэзыдэнтам Рэджэпам Таіпам Эрдаганам.
«Мы зрабілі ўсё для таго, каб украінскае збожжа было вывезена, — сказаў Пуцін. — Мы зрабілі гэта разам з Турэччынай. Калі выключыць Турэччыну як краіну-пасярэдніцу, то практычна ўсё збожжа, якое вывозіцца з Украіны, накіравана ня ў бедныя краіны, якія разьвіваюцца, а ў краіны Эўразьвязу».
Пуцін сьцьвярджае, што па лініі Сусьветнай праграмы харчаваньня ААН было загружана «ўсяго два караблі з 87». «І на іх было вывезена 60 тысяч тон харчаваньня з 2 млн тон», — заявіў расейскі прэзыдэнт, назваўшы эўрапейскія краіны «калянізатарамі», якія падманваюць краіны, што разьвіваюцца.
«Можа, варта задумацца пра тое, каб абмежаваць кірунак вывазу збожжа і гандлёвых харчоў гэтым маршрутам [у Эўропу]? Я абавязкова параюся на гэту тэму з прэзыдэнтам Турэччыны, спадаром Эрдаганам», — дадаў Пуцін.
- Пагадненьні, заключаныя пры пасярэдніцтве ААН і Турэччыны, дзейнічаюць усяго 120 дзён. Іх падпісалі Ўкраіна і Расея 22 ліпеня ў Стамбуле, пасьля чаго ў Чорным моры пачалі дзейнічаць збожжавыя калідоры. Да гэтага экспарт збожжа і кукурузы быў заблякаваны ў сувязі з узброеным уварваньнем Расеі ва Ўкраіну.