Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў лічыць, што віна за спыненьне газаправоду «Паўночны паток — 1» ляжыць на эўрапейскіх палітыках. Аб гэтым ён заявіў у праграме «Масква. Крэмль. Пуцін» на тэлеканале «Расея 1».
«Калі эўрапейцы цалкам абсурдна прымаюць рашэньне, па якім яны адмаўляюцца ад сэрвіснага абслугоўваньня свайго абсталяваньня, дакладней, абсталяваньня, якое належыць „Газпрому“, але якое па кантракце яны павінны абслугоўваць — гэта не віна „Газпрому“, гэта віна тых палітыкаў, якія прымалі рашэньні аб санкцыях», яго цытуе Інтэрфакс.
Пяскоў дадаў, што «менавіта гэтыя гора-палітыкі прымушаюць цяпер сваіх грамадзян паміраць ад інсультаў, калі яны бачаць рахункі за электраэнэргію. А цяпер, калі пахаладае, сытуацыя стане яшчэ горш», — дадаў Пяскоў.
2 верасьня «Газпром» на нявызначаны тэрмін цалкам спыніў пастаўкі газу па «Паўночным патоку» ў Эўропу. У кампаніі патлумачылі, што ў адзінай працоўнай турбіны газаправода выявілі няспраўнасьці. Улетку «Газпром» значна скараціў пастаўкі газу па «Паўночным патоку», растлумачыўшы гэта няспраўнасьцямі турбін, вырабленых Siemens, адна зь якіх пасьля рамонту затрымалася ў Нямеччыне.
Пасьля спыненьня «Паўночнага патоку» канцлер Нямеччыны Оляф Шольц заявіў, што «Расея больш не зьяўляецца надзейным энэргетычным партнэрам». Намесьнік кіраўніка Савета бясьпекі РФ Дзьмітрый Мядзьведзеў, камэнтуючы яго словы, напісаў у тэлеграме, што Нямеччына «аб’явіла Расеі гібрыдную вайну» і «дзейнічае як вораг Расеі».
Санкцыі супраць Расеі ўводзілі за разьвязаную ёй вайну супраць Украіны.