Апякунства над непаўналетняй дзяўчынкай, якую забралі ў прытулак пасьля затрыманьня керамісткі Натальлі Карнеевай, афармляе сваячка, якая мае жылплошчу і добры даход, паведамілі Reform.by знаёмыя сям'і.
Менскую керамістку Натальлю Карнееву затрымалі разам з мужам у пятніцу, 19 жніўня. Дзесяцігадовую дачку Натальлі Багдану адправілі ў прытулак.
Натальля — мастачка, пэдагог, керамістка, досьвед працы больш за 13 гадоў. Яна праводзіла майстар-класы па лепцы з гліны.
Як стала вядома Свабодзе, Натальля мае і 18-гадовую дачку. Цяпер яна жыве ў свайго бацькі. Яна пачала зьбіраць дакумэнты на апеку над малодшай сястрой. У дзяўчат розныя бацькі, і бабуляў і дзядуляў у малодшай дачкі няма. Дзяўчына бачылася з малодшай сястрой, у яе ўсё адносна добра.
Цяпер Натальля знаходзіцца на Акрэсьціна, перадачы для яе не прымаюць.