Заявы Аляксандра Лукашэнкі аб нібыта канфлікце паміж прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і ўкраінскімі вайскоўцамі ня маюць нічога агульнага з рэальнасьцю, заявіў дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк у камэнтары «Укрінформ».
«Часам лепш маўчаць, чым казаць. Але гэта дакладна не пра спадара Лукашэнку. Сёньня гэты суб’ект цалкам выразна і дэталёва распавёў аб сапраўднай падаплёцы аднаго вельмі жывучага фэйку, які месяцамі ўжо разьядае наша грамадзтва. Лукашэнка зь веданьнем і ў дэталях выклаў мэдыйную гісторыю аб наяўнасьці нібыта магутнага канфлікту паміж вайскоўцамі і палітычным кіраўніцтвам ва Ўкраіне. І што гэты канфлікт павінен забясьпечыць у найбліжэйшы час нейкі пераварот, бо вайскоўцы стаміліся ад вайны і не жадаюць больш трываць радыкалізм прэзыдэнта Зяленскага», — адзначыў Падаляк.
Ён падкрэсьліў, што «да рэальнасьці гэтая заява ня мае ні найменшага дачыненьня» і дадаў, што Лукашэнка «абсалютна ў курсе існаваньня падобнай інфармацыйнай гульні».
Паводле яго, расейскія спэцслужбы, «адчуваючы істотныя праблемы ў вайсковым пляне», рэзка ўзмоцняць стаўку на дэстабілізацыю грамадзка-палітычнай сытуацыі ва Ўкраіне, у тым ліку «маштабуючы падобныя фэйкі».
1 верасьня падчас «адкрытага ўроку» для школьнікаў Аляксандар Лукашэнка заявіў аб нібыта існаваньні канфлікту паміж прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і ўкраінскімі вайскоўцамі.