Блізкі да Ўладзіміра Пуціна пецярбургскі бізнэсовец Яўген Прыгожын, якога ў СМІ называюць адным са стваральнікаў і спонсараў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», завэрбаваў на вайну з Украінай каля тысячы зьняволеных з дзьвюх папраўчых калёній Растоўскай вобласьці, паведамляе выданьне «Вот Так» са спасылкай на вязьняў адной з гэтых калёній у горадзе Батайск.
Са словаў крыніц выданьня, Прыгожын прыляцеў у калёнію на асабістым вэрталёце разам зь яшчэ адным кіраўніком ПВК «Вагнэр» Дзьмітрыем Уткіным. Перад іх візытам адміністрацыя папраўчай калёніі № 15 адключыла пэрсанальныя відэарэгістратары ў сваіх супрацоўнікаў.
Як расказалі крыніцы «Вот Так», зьняволеных пашыхтавалі на пляцы. Выступаючы перад імі, Прыгожын паабяцаў, што тыя, хто пагадзіўся паехаць ваяваць ва Ўкраіну, атрымаюць праз паўгода свабоду, а падчас баявых дзеяньняў яны могуць рабіць з украінцамі «ўсё, што захочуць, і ім нічога за гэта ня будзе». Пры гэтым у выпадку ўцёкаў ці спробы здацца ў палон Прыгожын, паводле слоў вязьняў, прыгразіў расстрэлам.
У выніку, як сьцьвярджаюць крыніцы «Вот Так», з паўтары тысячы зьняволеных папраўчай калёніі № 15 на прапанову Прыгожына адказалі згодай каля 700 чалавек. У яшчэ адной растоўскай калёніі, як піша выданьне, з тысячы зьняволеных пагадзіліся ваяваць каля трохсот чалавек.
Раней у СМІ неаднаразова зьяўлялася інфармацыя аб вэрбаваньні для ўдзелу ў баявых дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны расейскіх зьняволеных, а таксама аб тым, што пошукам наймітаў займаецца асабіста Яўген Прыгожын. Паведамлялася, у прыватнасьці, пра ягоныя візыты ў тры калёніі ў Іванаўскай вобласьці, дзе яму ўдалося завэрбаваць 650 чалавек.
ПВК «Вагнэр» — расейскае неафіцыйнае ваеннае падразьдзяленьне, якое ня значыцца на балянсе вайсковых ведамстваў і ў рэестры юрыдычных асобаў, аднак яго байцы, па дадзеных шматлікіх журналісцкіх расьсьледаваньняў, бяруць удзел у наземных апэрацыях РФ у Сырыі, Афрыцы і ў вайне ва Ўкраіне. ПВК «Вагнэр» лічыцца адным з найбольш баяздольных падразьдзяленьняў, якія ўдзельнічаюць у баях на ўкраінскіх тэрыторыях. Паводле зьвестак расьсьледніцкай групы Bellingcat, байцы «Вагнэра» маюць дачыненьне да шматлікіх ваенных злачынстваў.
Яўген Прыгожын адмаўляе як сваю сувязь з ПВК, так і вэрбаваньне зьняволеных.