Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне расейскаму танкісту далі 8,5 года за парушэньне звычаяў вайны: яго прызналі вінаватым у рабаваньні вяскоўца


Магілы мірных жыхароў у Бучы
Магілы мірных жыхароў у Бучы

Суд ва Ўкраіне прыгаварыў камандзіра танка 35-й асобнай гвардзейскай мотастралковай брыгады расейскіх войскаў да 8 гадоў і 6 месяцаў пазбаўленьня волі за парушэньне звычаяў вайны, паведамляе офіс генэральнага пракурора Ўкраіны. Імя танкіста не называецца.

Паводле абвінавачаньня, танкіст 24 лютага перасек мяжу Ўкраіны з боку Беларусі, а ў пачатку сакавіка напаў на жыхара вёскі Халявін і абрабаваў яго, пагражаючы расстрэлам.

Як паведамляе «Настоящее время» са спасылкай на офіс генпракурора Ўкраіны, падчас судовага разбору расейскі вайсковец прызнаў сваю віну і «шчыра пакаяўся».

Міністэрства абароны Расеі гэтую інфармацыю пакуль не камэнтавала.

Суды ва Ўкраіне ўжо вынесьлі некалькі падобных прысудаў.

  • Першым расейскім вайскоўцам, асуджаным у краіне пасьля пачатку шырокамаштабнага ўварваньня па абвінавачаньні ў парушэньні законаў і звычаяў вайны, стаў 21-гадовы кантрактнік Вадзім Шышымарын. Паводле сьледзтва, 28 лютага 2022 году сяржант стрэліў у галаву 62-гадоваму мужчыну, які вёў ровар і размаўляў па тэлефоне. Гэта адбылося ў пасёлку Чупахоўка Сумскай вобласьці. Шышымарыну прысудзілі пажыцьцёвае зьняволеньне, але пазьней калегія судзьдзяў Кіеўскага апэляцыйнага суду зьмякчыла прысуд, замяніўшы пажыцьцёвы тэрмін на 15 гадоў зьняволеньня.
  • На пачатку жніўня Дзясьнянскі раённы суд Чарнігава прыгаварыў да 10 гадоў пазбаўленьня волі апэратара-наводчыка танка, 31-гадовага расейскага вайскоўца Міхаіла Кулікова па справе аб абстрэле шматпавярховіка на ўскраіне гораду. Старшага сяржанта Кулікова прызналі вінаватым у парушэньні законаў і звычаяў вайны (частка 1 артыкула 438 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны).
  • Паводле зьвестак праваабаронцаў і валянтэраў на сярэдзіну чэрвеня, з пачатку поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіне зафіксавалі каля 10 тысяч злачынстваў, за якія расейскае кіраўніцтва і вайскоўцы могуць панесьці пакараньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG