Паводле Генпракуратуры, Яне Пінчук інкрымінуюць тры артыкулы Крымінальнага кодэксу:
- ч.3 арт.130 КК (распальваньне сацыяльнай варожасьці),
- ч.3 арт.361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу, ажыцьцяўленьня дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь);
- ч.1 і ч.2 арт.361-1 КК (Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім).
Па першых двух артыкулах Яне Пінчук пагражае да 12 гадоў зьняволеньня, па трэцім — да 10 гадоў.
Паводле ведамства, дзяўчына разам зь іншымі нібыта стварыла тэлеграм-канал «Віцебск 97%», інфармацыйная прадукцыя якога рашэньнем суду прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Раней у Сьледчым камітэце Беларусі паведамлялі, што яна праходзіць абвінавачанай па пяці артыкулах Крымінальнага кодэксу. Мяркуючы па ўсім, зь Яны Пінчук зьнялі абвінавачаньні па арт. 188 (паклёп) і ч.3 арт. 203-1 (незаконныя дзеяньні з пэрсанальнымі дадзенымі іншай асобы) КК.
24-гадовая Яна Пінчук знаходзілася ў СІЗА Пецярбургу зь лістапада 2021 году. Яе затрымалі ў пецярбурскай кватэры і празь дзень арыштавалі. У Беларусі яе абвінавацілі ва ўдзеле ў стварэньні апазыцыйных тэлеграм-каналаў «Витебск 97%», «Орша 97%» і «Новополоцк и Полоцк 97%».
Расейская пракуратура пагадзілася яе выдаць паводле трох артыкулаў: аб распальваньні сацыяльнай варожасьці, закліках да дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі і стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня.
Юрысты спрабавалі абскардзіць рашэньне Генпракуратуры РФ аб выдачы Пінчук. Камітэт правоў чалавека ААН прапанаваў Расеі ўстрымацца ад дэпартацыі ў Беларусь Яны Пінчук і забясьпечыць абарону яе жыцьця і недатыкальнасьці да разгляду камітэтам яе скаргі. У Маскве праігнаравалі ўсе гэтыя рэкамэндацыі.