Кіргізстан дазволіў IT-спэцыялістам з шэрагу краін постсавецкай прасторы, у тым ліку і Беларусі, працаваць і жыць у краіне бязь віду на жыхарства і іншых дакумэнтаў на дазвол на пражываньне ў Кіргізстане. Пра гэта піша Міністэрства эканомікі і камэрцыі.
Такія нормы прадугледжаны праектам «Лічбавы качэўнік» (Digital nomad), які прыняў урад Кіргізстану.
«Людзі могуць працаваць зь любой краіны сьвету, калі ім патрэбны толькі кампутар і інтэрнэт. Стварыць умовы для рэлякацыі такіх людзей у Кіргізстан — мэта гэтай ініцыятывы», — растлумачыў міністар эканомікі і камэрцыі Кіргізстану Даніяр Амангельдыеў.
Атрымаць статус Digital nomad у Кіргізстане могуць грамадзяне Беларусі, Казахстану, Азэрбайджану, Армэніі, Расеі і Малдовы.
Міністэрства таксама апублікавала інструкцыі, як правесьці рэлякацыю ў краіну. Тэрмін разгляду заяўкі на наданьне адпаведнага статусу складае ўсяго 3 дні. Уладальнік статусу будзе вызвалены на 1 год ад неабходнасьці атрыманьня візы (гадавая шматразовая віза — $225), атрыманьня дазволу на працу, рэгістрацыі па месцы часовага знаходжаньня.