Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея робіць новыя крокі, каб «адвязацца» ад даляра, аднак экспэрты лічаць іх сымбалічнымі


На думку экспэртаў, Расея дапускала, што яе «адрэжуць» ад даляра, але не ад іншых сусьветных валют.

Расейскі ўрад зрабіў чарговы крок у напрамку зьніжэньня сваёй залежнасьці ад сусьветнай фінансавай сыстэмы, у якой дамінуюць ЗША і іх саюзьнікі. Крамлёўскія ўлады пачалі забараняць выкарыстоўваць даляр ЗША ў якасьці закладу па ўгодах на Маскоўскай біржы — найбуйнейшай расейскай пляцоўцы фінансавых паслуг.

На думку экспэртаў, гэты крок носіць хутчэй сымбалічны, чым практычны характар, бо з прычыны шырокага спэктру санкцый, уведзеных супраць Расеі ў сувязі з уварваньнем ва Ўкраіну, расейскія кампаніі практычна пазбавіліся магчымасьці зьдзяйсьняць апэрацыі ў далярах.

У Расеі заклікалі прадпрыемствы і прыватных асобаў адмовіцца ад выкарыстаньня «таксычных» валют — гэта значыць валют краінаў, якія вядуць несяброўскую палітыку ў дачыненьні да Расеі.

На думку экспэртаў, расейскія лідэры, верагодна, дапускалі, што будуць «адрэзаныя» ад даляра пасьля ўварваньня ва Ўкраіну. Таму на працягу некалькіх гадоў Расея рабіла крокі, каб ізаляваць сябе ад даляра. Аднак Крэмль зыходзіў з дапушчэньня, што іншыя сусьветныя валюты, перадусім эўра, а таксама японская ена і брытанскі фунт, будуць для яго даступныя.

«Важна разумець, што Пуцін і кіраўнік Цэнтральнага банку Эльвіра Набіуліна сапраўды верылі, што можна менш залежаць ад даляра, таму што яны могуць дывэрсыфікавацца з дапамогай эўра і іншых валют, — заявіў «Голасу Амэрыкі» старшы дырэктар Цэнтру Геаэканомікі Атлянтычнай рады Джош Ліпскі. — Адзінства «Вялікай сямёркі» іх зьдзівіла: даляр, эўра, ена і фунт дзейнічалі ў тандэме. І іншых выйсьцяў у іх не засталося».

«Праблема ў тым, што на дадзены момант сапраўды добрай альтэрнатывы даляру няма, — кажа навуковы супрацоўнік Нацыянальнага ўнівэрсытэту абароны Джэфры Манкоф. – Няма іншай валюты, якая была б канвэртаванай у такой ступені, у якой канвэртуецца даляр».

Хоць выкарыстаньне для разьлікаў адрозных ад даляра валют забясьпечвае прыток грошай у расейскую казну, «праблема ў тым, што грошы ня могуць зь яе сыходзіць», дадаў экспэрт. «Прынамсі, яны ня могуць ісьці на куплю рэчаў, у якіх Расея мае патрэбу, з прычыны санкцыйных абмежаваньняў», — растлумачыў ён.

Расея ня можа імпартаваць многія спажывецкія тавары, якія прывыклі купляць яе грамадзяне, што прывяло да зьніжэньня ўзроўню жыцьця, кажа экспэрт. Акрамя таго, Расея ня можа імпартаваць паўправаднікі і іншыя высокатэхналягічныя кампанэнты, неабходныя для айчыннай вытворчасьці.

А як у Беларусі?

Урад і Нацбанк Беларусі не праводзяць палітыкі «дэдалярызацыі», але з прычыны санкцыяў вымушаныя меней карыстацца заходняй валютай і замяняць яе расейскімі рублямі ці кітайскімі юанямі.

Мінфін Беларусі на мінулым тыдні разьлічыўся яшчэ па двух выпусках эўрааблігацый у беларускіх рублях, на Захадзе гэта лічаць дэфолтам. Размова ідзе аб выплаце купоннага даходу на суму 38,6 млн даляраў.

У міністэрстве дадалі, што «плацеж ажыцьцёўлены за кошт сродкаў у замежнай валюце шляхам пералічэньня на асобны банкаўскі рахунак, адкрыты ў ААТ „ААБ Беларусбанк“ у беларускіх рублях». Трэба адзначыць, што папярэднія выплаты, зробленыя Мінфінам у рублях па эўрааблігацыях, міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы прызналі дэфолтам.

У ліпені агенцтва S&P ня зьнізіла крэдытных рэйтынгаў Беларусі, адзначаючы, што Менск спрабаваў знайсьці спосабы расплаціцца па аблігацыях у далярах на працягу прадугледжанага дамовай часу з выкарыстаньнем альтэрнатыўных спосабаў аплаты. Але папярэдзіла, што зробіць гэта, калі выплаты па эўрааблігацыях ня будуць выкананыя ў зыходнай валюце, гэта значыць далярах, да канца 30-дзённага льготнага пэрыяду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG