Пра гэта ў інтэрвію выданьню «Эўрапейская праўда» заявіла віцэ-прэмʼерка па эўрапейскай і эўраатлянтычнай інтэграцыі Ўкраіны Вольга Стэфанішына.
Паводле яе слоў, аналіз адпаведнасьці ўкраінскага сэктару бясьпекі і абароны і іншых структураў стандартам NATO паказаў, што Ўкраіна дэ-факта ўжо ўкараніла вельмі шмат практык альянсу. Акрамя таго, украінскія вайскоўцы зараз набываюць унікальны вопыт баявых дзеяньняў, якога няма ў вайскоўцаў арміяў дзяржаваў NATO.
У Кіеве заявілі, што новыя крокі па ўступленьні ў Паўночнаатлянтычны альянс рабіць пакуль няма сэнсу.
Украіна прасіла даць ёй «Плян дзеяньняў для сяброўства ў NATO» пры прэзыдэнце Юшчанку і была дастаткова блізкая да гэтага. Аднак у 2008 годзе на бухарэсцкім саміце альянсу яна атрымала адмову праз пазыцыю Нямеччыны і Францыі.
У 2008 годзе апытаньні ўкраінцаў паказвалі, што ўступленьне ў NATO падтрымлівалі 20-30% апытаных, а супраць выступалі каля 40-50%. Радыкальна сытуацыя з падтрымкай зьмянілася ў 2014 годзе пасьля анэксіі Крыму і пачатку вайны на Данбасе.