Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кантралёры там — гэта проста нелюдзі, сатаністы». Што чакае Сяргея Ціханоўскага ў «крытай турме» ў Жодзіне


Сяргей Ціханоўскі
Сяргей Ціханоўскі

Палітзьняволены Сяргей Ціханоўскі ўжо больш як два гады за кратамі. Яго пакаралі 18 гадамі пазбаўленьня волі. Ціханоўскі адбываў пакараньне ў Магілёве. Але яму ўзмацнілі рэжым і перавялі ў турму ў Жодзіне, якая лічыцца адной з самых жорсткіх у Беларусі.

Што гэта за турма — Свабода паразмаўляла зь беларусам, які адбываў пакараньне ў розных турмах.

«Яго душаць маральна»

Як стала вядома Свабодзе, Ціханоўскі ні ў Магілёве, ні ў Жодзіне не атрымлівае лістоў. Іх папросту не перадаюць. Па рашэньні суду яму пагоршылі ўмовы ўтрыманьня — перавялі ў «крытую» турму.

«Яго маральна душаць увесь час. Ня толькі ў Жодзіне — дзе адразу зьмясьцілі ў штрафны ізалятар. Ён трапляў у ШЫЗА і ў Магілёве, проста чапляліся да драбніц і пісалі яму парушэньні. Некалькі парушэньняў запісалі — і адправілі як злоснага парушальніка ў „крытую“», — расказаў сябра палітзьняволенага.

Лісты ад Сяргея атрымлівае, па словах сябра, толькі ягоная маці, якая жыве ў Гомлі. «Піша ёй, што ў яго ўсё нармальна. Але цяпер, у Жодзіне, ён мае забарону на спатканьні, перадачы. Ягоная кватэра ў Менску арыштаваная, яе апячаталі і не дазваляюць карыстацца», — дадаў сябра.

Па словах сябра Ціханоўскага, цяпер Сяргей ня мае ў ШЫЗА матраца, пасьцельнай бялізны, на дзень нары прышчапляюцца да сьцяны.

Ён нагадаў, што палітвязень яшчэ ў СІЗА напісаў верш пра сваю будучыню. Суразмоўца лічыць верш прарочым.

«Ни воздуха нет, ни тепла, лишь тишина,
Пронзаемая нередко грубым криком.
И опьянеть легко здесь можно без вина
В зловонной клетке я, как зверь, а дверь закрыта.

Мне не дают опять уснуть мои друзья:
Холод и сырость, яркий свет и звон в ушах.
На трех квадратных метрах обитаю я,
Но не один — с тобой я в четырех стенах.

Вот и настало время нам с тобой поговорить.
Гляди, не раздеваясь, сплю я на полу.
Но не об этом я хочу тебя просить
Ты знаешь, что за Беларусь тебя молю.
Пусть стены рухнут, страх уйдет, исчезнет зло.
Как сон пусть в прошлое уйдет страна рабов».

«Нармальныя людзі ў Жодзіне не працуюць»

Беларус Мікалай (імя зьмененае. — РС) адбываў пакараньне ў розных турмах і калёніях. Ён расказаў Свабодзе, што жодзінская турма лічыцца сярод асуджаных «чырвонай зонай». Гэта значыць, рэй там вядуць адміністрацыя і кантралёры.

«Там проста ломяць людзей. У нас тры „крытыя“ турмы — у Горадні, Магілёве і Жодзіне. Вось жодзінская турма — гэта проста пекла на зямлі. Для прыкладу, калі чалавека пераводзяць з Жодзіна ў Глыбокае, дзе строгі рэжым, то гэта лічыцца шчасьлівым квітком і ўзнагародай. Скажу шчыра, што для „блатных“ сядзець у Горадні ці ў Магілёве ў „крытай“ турме — нічога страшнага няма. Пры наяўнасьці грошай можна мець і чорную ікру на стале, і нават дзяўчынку — прывядуць самі опэры табе яе ў кабінэт. У Жодзіне такога няма», — кажа Мікалай.

Ён кажа, што кантралёры ў Жодзіне — «суцэльныя зьвяры», «садысты», «псыхапаты» і нават «сатаністы». «Бо ў іх няма нічога чалавечага, яны антычалавечныя самі па сабе, сатаністы проста. Усё, што толькі можа быць благога ў чалавеку — усё гэта сканцэнтравана ў кантралёрах і адміністрацыі ў турме. Нармальныя там ня могуць працаваць папросту. Яны б’юць асуджаных, зьдзекуюцца зь іх, нахабна рабуюць — бо родныя перадаюць грошы ці перадачы, але гэта кантралёры могуць забраць сабе, ты нічога ня зробіш. Яны там бяруць грошы зь вязьняў — на рамонт турмы, на падпіску на газэты, на іхні там Савет вэтэранаў, на ўсе свае патрэбы. Адмовісься — атрымаеш дручком, пойдзеш у ШЫЗА», — тлумачыць былы асуджаны.

Ён сьцьвярджае, што ў жодзінскую турму часам прыяжджае АМАП і спэцназ — каб «трэніравацца» на зьняволеных. Міліцыянты «падаўляюць» умоўныя бунты, а заадно б’юць вязьняў.

«Раней, напрыклад, у калёніі ў Воршы, таксама прыяжджаў АМАП „трэніравацца“. Але яны бралі для „трэніровак“ толькі злосных парушальнікаў зь СІЗА. У калёніі ў Мазыры АМАП прыяжджаў і проста лупіў дручкамі ўсіх у атрадзе», — дадаў Мікалай.

«Там пацукі, мышы, блохі»

Парадкі ў турме ў Жодзіне строгія. Пад’ём а шостай раніцы. «Прычым вязьні мусяць стаць сьпінай да кантралёраў, ім забаронена глядзець на іх. Позірк — ці ў сьцяну, ці ў падлогу. Кантралёр кажа: „Здравствуйте, граждане осуждённые!“. Тут жа ўсе хорам мусяць адказаць: „Здравствуйте, гражданин начальник!“. Не пасьпееш адказаць, ці нешта ім не спадабаецца, — атрымаеш дручком ці пойдзеш у ШЫЗА. Там проста канцлягер. Там нашмат меншыя нормы харчаваньня, чым, скажам, у Глыбокім», — кажа былы асуджаны.

Ён дадаў, што ў Жодзіне цяжка разьлічваць на мэдычную дапамогу. «У шпіталь можа і завязуць — калі чалавек ужо будзе проста раскладацца. Што там мышы, пацукі, а часам блохі, — гэта нікога не хвалюе. Як можна супрацьстаяць адміністрацыі і кантралёрам? Ніяк. Былі часы, калі асуджаныя абвяшчалі галадоўкі. Але ўрываліся „маскі-шоў“, і іх проста зьбівалі на горкі яблык, калечылі, каб іншым непанадна было. Яны могуць дзеля забавы некалькі вядзёр вады шугануць у камэру — прыбірай давай! Ці нават з хлёркай. Мой знаёмы на такое трапіў, потым быў увесь у фіялетавых плямах ад той хлёркі», — дадаў Мікалай.

Што такое ўвогуле «крытая турма»?

Калі асуджаны зьдзяйсьняе парушэньні ў калёніі, то яго могуць пакараць «крытай турмой». У Беларусі іх тры — у Магілёве, Жодзіне і Горадні. Турма — гэта камэрны рэжым. У калёніі асуджаныя бываюць на сьвежым паветры, яны жывуць у атрадах, занятыя на працы. У «крытай турме» людзі сядзяць у камэры, маюць 30-хвілінныя ці гадзінныя шпацыры, але нават яны часта — у закрытых дворыках, бяз сонечнага сьвятла і сьвежага паветра. «Гэта адразу будзе мінус на здароўе, мінус на страўнік праз проста ніякае харчаваньне там, мінус — зрок, бо чалавек ня бачыць ані неба, ані сонца, мінус зубы», — удакладніў Мікалай.

«Крытая турма» — гэта максымальныя абмежаваньні для асуджаных. «Атаварка» — толькі на адну-дзьве базавыя велічыні ў месяц, але і яе могуць пазбавіць. Спатканьні — толькі два кароткатэрміновыя на год. Але Ціханоўскі ўжо пазбаўлены і спатканьняў, і перадач.

Вязьняў могуць караць і на «крытай турме» — зьмяшчаць у штрафны ізалятар, пазбаўляць спатканьняў, лістоў і перадач.

Дзясяткам палітзьняволеных у 2020–2022 годзе ўзмацнялі пакараньне: пераводзілі з «хіміі» ў калёнію, з калёніі — у «крытую турму». У «крытую турму» пераведзеныя некаторыя паплечнікі Ціханоўскага, у тым ліку з каманды «Страны для жизни». Гэта Тацяна Канеўская, Уладзімер Кніга, Руслан Парфёнаў, Аляксандар Кабанаў.

Праваабаронцам «Вясны» вядома пра 44 выпадкі ўзмацненьня пакараньня для палітвязьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG