Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З украінцамі канфліктаў пакуль няма, толькі зь літоўцамі». Як беларусы «ваююць» за артыкулы ў Вікіпэдыі


Далучыцца да гэтых «войнаў» зусім нескладана. Дастаткова толькі мець інтэрнэт пад рукой.

Ігар Іваноў шмат гадоў жыве ў Брытаніі, мае гістарычную адукацыю. Цяпер ён працуе мэнэджарам у беларускай бібліятэцы Францыска Скарыны ў Лёндане. Ігар кажа, што апошнім часам сам амаль ня піша ў Вікіпэдыю, але раней займаўся гэтым вельмі актыўна — напісаў каля сотні артыкулаў. Пры гэтым дадае, што ён ня самы актыўны рэдактар. Ігару больш цікава навучыць гэтаму і заахвоціць іншых людзей.

Ігар Іваноў
Ігар Іваноў

«У прынцыпе, у Лёндане мы ўжо гадоў 10 займаемся Вікіпэдыяй у рамках беларускай бібліятэкі, — кажа Ігар. — Увогуле бібліятэкі па ўсім сьвеце вельмі заахвочваюць людзей займацца Вікіпэдыяй, папаўняць яе. І „Скарынаўка“ гэтым таксама займаецца. Пішам і па-ангельску, і па-беларуску, і на ўсякіх іншых мовах. Уся дыяспара Беларусі ў Вялікай Брытаніі добра расьпісаная па-беларуску і па-ангельску. Зараз думаем пра візуальныя матэрыялы, якія маем у архівах».

Ігар Іваноў кажа, што акрамя гістарычных артыкулаў напісаў некалькі па тэме багаслоўя, якім сам цікавіцца.

«У літоўцаў і палякаў процьма дасьледаваньняў на сваіх мовах»

Вялікі скандал у беларускай Вікіпэдыі адбыўся ў жніўні 2021 году. Тады аказалася, што беларускі артыкул пра герб «Пагоня» быў выдалены зь Вікіпэдыі. Ініцыятарамі стала група літоўскіх рэдактараў вольнай энцыкляпэдыі.

«Беларускі артыкул пра „Пагоню“ быў добра напісаны, — расказвае Ігар Іваноў. — Яго можна было дапрацоўваць, вядома. Чым больш навуковы характар маюць публікацыі, тым лепш. А гісторыя герба „Пагоня“ параўнальна слаба дасьледаваная. Гэта нам здаецца, што мы ўсё пра яе ведаем, а там пытаньняў шмат. У беларускім кантэксьце навуковых дасьледаваньняў параўнальна мала. Я адразу так магу прыгадаць толькі публікацыі Андрэя Шаланды (дасьледчык геральдыкі з Горадні. — РС). А іншыя ўсе навукова-папулярныя хутчэй. І паўстае пытаньне, на што спасылацца. У літоўцаў і палякаў процьма дасьледаваньняў на сваіх мовах».

Ігар Іваноў кажа, што ў выніку атрымліваецца, што слабое англамоўнае беларусазнаўства цягне за сабой слабое разьвіцьцё беларускай Вікіпэдыі. Англамоўныя рэдактары проста не дазволяць, каб у ёй доўга «вісеў» артыкул, не падмацаваны аўтарытэтнымі англамоўнымі крыніцамі.

«Пісаць якасныя артыкулы ў Вікіпэдыю цяжка, — прызнаецца Ігар. — Толькі здаецца, што любы можа прыйсьці і напісаць. Любы можа стварыць скандал, гэта так. Пасварыцца зь людзьмі можа. І вось акурат вакол беларускіх артыкулаў, пра „Пагоню“, пра шляхту, пра нацыяналізм былі моцныя сваркі паміж рэдактарамі — беларускімі, польскімі, літоўскімі. Некаторых рэдактараў нават банілі, бо спрэчкі пераходзілі на асобы. А гэта катэгарычна забаронена рабіць у Вікіпэдыі. Нацыянальны пункт гледжаньня ў Вікіпэдыі не вітаецца, але ён непазьбежны».

Па словах Іванова, найбольш у Вікіпэдыі вітаецца збалянсаваны пункт гледжаньня. Экспэрт кажа, што літоўцы ў спрэчках рэдактараў спасылаюцца пераважна на англамоўныя крыніцы, але тыя часта банальныя і састарэлыя. Больш актуальных папросту няма.

«Спасылаюцца на энцыкляпэдыю Britannica (самая старая англамоўная энцыкляпэдыя, упершыню выдадзеная ў 1768 годзе. — РС), што як крыніца вельмі банальная, — кажа Ігар. — Яна сьцьвярджае, што ў беларусаў не было сваёй дзяржаўнасьці да 1918 году. А калі не было дзяржаўнасьці, то і сымболікі не магло быць. І мовы сваёй не было, а была нейкая рутэнская. У выніку пад гэта ўсё падводзіцца ідэя, што не было і шляхты. Усё гэта рутэнскае. Але ж гэта абсурд. Бо ў XIX стагодзьдзі процьма публікацый пра беларускую калі ня мову, то гаворку дакладна. І яны друкаваліся ў тым ліку ў Лёндане, Аляксандар Рыпінскі іх тут друкаваў».

«Хочуць выдаліць катэгорыю «Беларуская шляхта»

Пасьля выдаленьня артыкула пра беларускую «Пагоню», па словах Ігара Іванова, разьвіваецца новы скандал з удзелам беларусаў і літоўцаў. Цяпер зь Вікіпэдыі спрабуюць выдаліць цэлую катэгорыю, прысьвечаную беларускай шляхце.

«Там 20 ці 30 гэтых імёнаў, іх спрабуюць перавесьці ў „рутэнскую“, — кажа Ігар. — Альбо яшчэ кудысьці. Але гэта абсурд. Ужо ў 19 стагодзьдзі мы маем людзей, якія маюць выразна беларускую ідэнтычнасьць і шляхецкае паходжаньне. Што зь імі рабіць? Гляджу я зараз на гэтую дыскусію пра беларускую шляхту, і добра, што беларускія рэдактары там гавораць пра публікацыю Нацыянальным архівам Беларусі гербоўніка беларускай шляхты. Гэта ўжо навуковае выданьне. З гэтым цяжка спрачацца. Але сытуацыя такая, што тых, хто можа ўключыцца ў такую дыскусію, мала. Паглядзім, чым гэта скончыцца».

Ігар дадае, што нельга сьцьвярджаць, што ўсе літоўцы ў Вікіпэдыі хочуць пачысьціць яе ад беларускай вэрсіі гісторыі ВКЛ альбо ўчыніць яшчэ штосьці падобнае. Гэта невялікая група з 3–4 чалавек. Аднак яны вельмі актыўна прасоўваюць сваю пазыцыю.

«Па правілах Вікіпэдыі, калі артыкул пастаянна кімсьці правіцца, то гэта павінна быць спынена і прызначаецца дыскусія паміж рэдактарамі, — расказвае Ігар. — І калі яна не прыводзіць да згоды, трэба прывесьці кагосьці трэцяга. Таго, хто ня ўцягнуты ў беларускі альбо літоўскі пункт гледжаньня. Наколькі мне вядома, да такой мэдыяцыі ў беларускіх пытаньнях пакуль не даходзіла. Магчыма, гэта проста таму, што нас мала і мы ня ставілі пакуль такіх пытаньняў».

Экспэрт кажа, што такія мэдыяцыі ў Вікіпэдыі адбываюцца паміж балканскімі рэдактарамі і альбанцамі, здараліся і паміж азэрбайджанцамі і армянамі, з удзелам расейцаў таксама. Абмеркаваньне можа пабачыць і звычайны карыстальнік Вікі, гэта ўсё адбываецца ў адкрытым доступе. Усё, што было запісана ў Вікіпэдыі, захоўваецца, можна паглядзець і гісторыю зьменаў. Шукаць абмеркаваньне можна на старонцы «Размова». У Вікіпэдыі на ўсе канфліктныя выпадкі таксама ёсьць асобная старонка. Перад выдаленьнем нейкага артыкула яго ініцыятары павінны запрасіць да абмеркаваньня ўсіх зацікаўленых. Але так здараецца не заўсёды.

«Вось у выпадку з „Пагоняй“ беларусаў не запрасілі, адбылася вельмі брыдкая гісторыя, — расказвае Ігар. — Даведаліся ўжо постфактум. Сур’ёзнай дыскусіі не адбылося».

«З украінцамі пакуль не было спрэчак»

З артыкуламі, якія датычаць сучасных падзей, сытуацыя нашмат прасьцейшая. Нават у рускамоўным артыкуле, прысьвечаным уварваньню Расеі ва Ўкраіну, роля Беларусі і беларусаў у гэтым адлюстраваная аб’ектыўна. З улікам розных меркаваньняў.

«З украінцамі ў нас яшчэ не было спрэчак у Вікіпэдыі, — кажа Ігар. — Яшчэ не дайшло да такога. Справа ў тым, што ўсе артыкулы ў Вікіпэдыі, прысьвечаныя сучаснасьці, вельмі факталягічныя. Там ацэнак параўнальна мала. Калі параўноўваць з тым жа артыкулам пра „Пагоню“ — там жа гэта цэлы гістарычны канцэпт. А тут усё на фактах, якія вядомыя. Я ня думаю, што такія артыкулы могуць стаць прычынай канфліктаў паміж рэдактарамі».

Пры гэтым Ігар таксама кажа, што ва ўкраінскай Вікіпэдыі часам сустракае вядомыя беларусам імёны, якія ўкраінскімі рэдактарамі залічаныя да дзеячоў украінскай гісторыі ці культуры.

«Думаю, гэта нармальна, — кажа экспэрт. — Вікіпэдыя — гэта жывы арганізм, жывы прадукт, які пастаянна разьвіваецца. Ён адлюстроўвае тое, што людзі, гледзячы на адну і тую ж рэч, бачаць рознае. Праз гэта непазьбежныя канфлікты. Але Вікіпэдыя мае мэханізм, як такія канфлікты вырашаць. Такія мэханізмы працуюць вельмі добра, калі ёсьць шмат рэдактараў і шмат матэрыялу, на які можна спасылацца. А ў беларусаў праблема і з тым, што людзей мала, і яшчэ з малой колькасьцю публікацый, на якія можна спаслацца».

Як далучыцца да стварэньня беларускіх артыкулаў у Вікіпэдыі

Што можна зрабіць, калі ёсьць жаданьне паўдзельнічаць у разьвіцьці беларускай Вікіпэдыі? Ігар Іваноў кажа, што зараз плянуюцца навучальныя сэмінары, штосьці будзе арганізаванае ў Варшаве, далучыцца да навучаньня можна і онлайн. Каб вывучаць спосабы рэдагаваньня Вікіпэдыі, дастаткова мець інтэрнэт.

«Я б раіў паглядзець два відэа на You Tube, якія калісьці зрабіў Марк Бэрнштэйн, — кажа Іваноў. — Цудоўныя ролікі, якія актуальныя і цяпер. Ёсьць таксама групы ў Тэлеграме і на Фэйсбуку. Ёсьць суполкі для тых, хто піша тарашкевіцай, і для тых, хто наркамаўкай. Яны, магчыма, ня вельмі актыўныя, але там заўсёды адкажуць на пытаньні. У самой Вікіпэдыі ёсьць старонкі, прысьвечаныя правілам напісаньня артыкулаў».

Ігар дадае, што пісаць у Вікіпэдыю варта пра тое, што цікавіць самога аўтара і ў чым ён разьбіраецца. Пісаць можна як па-беларуску, так і на іншых мовах.

«Некаторыя артыкулы зараз ананімныя»

«У мяне ўражаньне, што пасьля 2020 году ў аўтараў беларускай Вікіпэдыі фрустрацыя надышла, — прызнаецца Ігар Іваноў. — Я бачу па статыстыцы, што колькасьць артыкулаў клясычным правапісам зьменшылася пасьля 2020 году. Вельмі дзіўныя рэчы адбываліся. Напрыклад, у артыкуле пра РБ сымболіка была замененая зь дзяржаўнай на бел-чырвона-белую (застаецца і цяпер у артыкуле пра Беларусь тарашкевіцай. — РС). Гэта сьведчыць пра тое, што колькасьць рэдактараў зьменшылася і нейкія дзівакі могуць такое рабіць».

Па словах экспэрта, незаўважнымі для беларускай Вікіпэдыі засталіся і рэпрэсіі, які працягваюцца ў Беларусі з 2020 году. Асабліва прыкметна гэта ў тым сэгмэнце, які напаўняецца афіцыйным правапісам. Большасьць рэдактараў, якія гэта робяць, жывуць у Беларусі і цяпер часта спрабуюць схаваць сваю актыўнасьць у Вікіпэдыі ад іншых.

«Мы ведаем усе, што з Маркам (Марк Бернштэйн, адзін з самых дасьведчаных рэдактараў Вікіпэдыі, быў арыштаваны беларускімі спэцслужбамі 11 сакавіка 2022 году, асуджаны на 3 гады „хатняй хіміі“. — РС) адбылося, — кажа Ігар Іваноў. — Але былі і іншыя затрыманьні рэдактараў. Верагодна, іх затрымалі не за дзейнасьць у Вікіпэдыі, а за іншыя рэчы. Але гэта супольнасьць рэдактараў насьцярожыла. Таму зараз некаторыя артыкулы ў беларускай Вікіпэдыі наркамаўкай ананімізаваныя. Імя аўтара зьнікае, каб яго немагчыма было адсачыць. Гэта, канечне, стрымлівае людзей ад таго, каб працягваць працаваць і свабодна гэта рабіць. Ня думаць двойчы ці тройчы, пісаць ці не пісаць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG