«Я мусіла зьняцца з турніру ў Таронта, бо мая заява на атрыманьне візы не была ўхваленая. Я вельмі расчараваная. Вельмі сумна прапускаць адзін з маіх любімых турніраў. Я люблю гуляць у Канадзе, там цудоўныя заўзятары, гэта краіна, дзе ў мяне шмат сяброў», — напісала Азаранка.
Паводле інфармацыі агенцтва AFP, асацыяцыя Tennis Canada паведаміла, што праблемы зь візай для Азаранкі ўзьніклі ў сувязі з тэрмінамі афармленьня дакумэнтаў, а не з прычыны яе беларускага грамадзянства:
«Tennis Canada пацьвярджае, што Вікторыя Азаранка не пасьпела аформіць візу, каб удзельнічаць у турніры», — сказана ў заяве арганізацыі.
Вікторыя спадзяецца, што трапіць на Cincinati Open у ЗША, дзе кваліфікацыйныя матчы стартуюць 13 жніўня.
Раней арганізатары Уімблдону вырашылі не дапускаць да ўдзелу ў турніры расейскіх і беларускіх спартоўцаў. Асацыяцыя тэнісістаў-прафэсіяналаў (ATP) і Жаночая тэнісная асацыяцыя (WTA) гэты крок не падтрымалі.