Выканаўцам назвалі грамадзянку Украіны Натальлю Воўк. І апублікавалі відэа, на якім нібыта гэтая жанчына перасякае мяжу і заходзіць у падʼезд. У ФСБ гавораць, што Воўк прыехала ў Расею з дачкой месяц таму. І арандавала кватэру ў доме, дзе жыла Дугіна. Паводле вэрсіі расейскіх спэцслужбаў, украінка сачыла за Дугінай на машыне Mini Cooper. І тройчы мяняла на ёй нумары.
У дзень выбуху Воўк з дачкой нібыта былі на тым жа фэстывалі, што і Дугіна, а пасьля зьехалі ў Эстонію. Украінскія ўлады сваё дачыненьне да гібелі дачкі праварадыкальнага філёзафа і ідэоляга «русского мира» Аляксандра Дугіна адмаўляюць.
Забойства Дарʼі Дугінай і яго імклівае «раскрыцьцё», а таксама месца ў палітыцы яе бацькі ўэтэры «Настоящего времени» абмеркавалі публіцыст Віктар Шэндэровіч і журналіст Сяргей Пархоменка.
— Дугіна заходнія СМІ называюць «мозгам Пуціна», яго дарадцам. Кім ён зьяўляецца насамрэч для Пуціна і для Крамля? Які яго ўплыў, як думаеце?
Шэндэровіч: Думаю, што моцна пераацэнены нашымі сябрамі з Вашынгтону ўплыў Дугіна на Пуціна. Іншая справа, што ён намагнічваў шмат гадоў гэтай сваёй суцэльна забойнай ідэалёгіяй ідэалягічную прастору. У пуцінскім асяродзьдзі, я думаю, ён значна папулярнейшы, чым у самога Пуціна. Падазраю, што Пуцін значна больш цынічны і наўрад ці, так бы мовіць, вучыўся ў Дугіна.
— А вы як лічыце, ці ёсьць у Дугіна ўплыў на Пуціна?
Пархоменка: Я таксама думаю, што гэта ўсё легенда. І прадукт ня вельмі добрасумленнай журналістыкі, якая ня схільная абмяркоўваць і спрабаваць тлумачыць нейкія складаныя рэчы, а аддае перавагу простым штампаваным канструкцыям. Вось сказалі «мозг Пуціна», і неяк можна нічога не тлумачыць, сказалі «зноў Распуцін», усе ж неяк калі-небудзь чыталі што-небудзь, якія-небудзь коміксы ці што-небудзь у Вікіпэдыі пра Распуціна. Быў такі з бруднай барадой, у барадзе капуста, вельмі ўплываў на рускага цара, прыставаў да прынцэсы Анастасіі або як яе там клікалі — усё зблыталася ў адну кучу. Вось зараз зноў Распуцін. На жаль, стварылі гэтую легенду, шкодную і непрыемную. Але я б сказаў, што ў Дугіна ёсьць яшчэ адна фан-група апроч гэтых павярхоўных заходніх аглядальнікаў.
— І хто гэта?
Пархоменка: Гэта спэцслужбы. Там дастаткова людзей прымітыўных і дрымучых, якія схільныя да такіх сымбалічных фігур. Яны ў свой час з Дугіна нешта такое стваралі, зь Лімонава, Гіркіна. Яны любяць гэтых драўляных лялечак.
— Ручныя нацыяналісты?
Пархоменка: У тым ліку людзі з усялякімі нацыяналістычнымі ідэямі. Ім усё гэта цікава, яны прыслухоўваюцца да ўсіх гэтых «нэўралінгвістычна праграмаваных», да ўсёй гэтай кашы з урыўкаў нейкіх разнастайных філязофскіх вучэньняў, рэлігійных забабонаў і ўсякага іншага. Гэта салдафонам вельмі блізка: такая прымітыўная поліўка са слоў.
— Цяпер Расея абвінавачвае ў выбуху Ўкраіну. Кіеў усё адмаўляе. Ці лічыце вы, што камусьці, сапраўды, магло б быць выгадна нанесьці ўдар па сямʼі Аляксандра Дугіна, ці нават, як паведамляецца, па самім Дугіне, бо ён павінен быў ехаць у гэтай машыне?
Шандэровіч: Па сукупнасьці абставінаў хутчэй за ўсё гэта не Ўкраіна. Гэта маглі быць нейкія крымінальныя разборкі ці правакацыя ФСБ. Мяркуючы па тым, зь якой хуткасьцю падагналі пад адказ. Можна толькі канстатаваць, што гэтая гісторыя ўжо скарыстаная для нагнятаньня новай нянавісьці да Ўкраіны. Гэта значыць павестка старая, але новае паліва ў гэтую печку, і, вядома, у любую сэкунду па запаветах Сіманьян усё можа разгарнуцца ў тэрор супраць лібэралаў, якія нібыта ўхваляюць гэтае забойства.
Інструмэнтальна гэта, вядома, ужо скарыстана і будзе выкарыстана. Што гэта было? Менш за ўсё зараз думаю, што гэта могуць быць украінскія спэцслужбы. Хоць Дарʼя Дугіна ў любым выпадку загінула ў рамках той вайны, якую яна дабраслаўляла і якой была рада. Калі я ўпершыню пачуў, што загінула дачка Дугіна, то першая думка была такая, што жахліва, калі дзеці плацяць за бессэнсоўную злосьць бацькоў. Але ў дадзеным выпадку яна дарослая і цалкам адказная, ужо самастойная аглядальніца, як высьветлілася, я нічога пра гэта не ведаў. Яна загінула на той вайне, якую дабраслаўляла і да якой заклікала.
— Сяргей, Віктар сказаў, што Ўкраіне гэта трэба менш за ўсё. Вы як лічыце?
Пархоменка: Вялікая вайна непазьбежна прыводзіць да дывэрсій і тэрактаў. Гэта частка любой вялікай вайны. Гэта элемэнт любога тактычнага плянаваньня. Калі ідзе вайна, ваенныя дзеяньні адбываюцца ня толькі на лініі фронту, але і ў тылах бакоў, якія змагаюцца. Я не сумняваюся, што будуць дывэрсіі і тэракты на тэрыторыі Ўкраіны і на тэрыторыі Расеі. Гэта ўжо яно ці гэта яшчэ не яно? Ці гэта яшчэ пакуль самастрэлы, правакацыі — вось пытаньне, якое нам трэба вырашыць.
У Расеі і расейскіх спэцслужбаў вельмі дрэнная рэпутацыя, вельмі дрэнная гісторыя хваробы. Мы ведаем пра мноства палітычных забойстваў, мы ня ведаем пра тое, як палітычныя забойствы раскрываліся, такіх прэцэдэнтаў фактычна няма. Сьледзтва звычайна ідзе гадамі, прапануе нейкія фантастычныя варыянты і вэрсіі. Ніколі размова не заходзіць ні аб арганізатарах, ні аб заказчыках. У лепшым ці ў горшым выпадку выканаўцы. Вось такі стыль расейскіх спэцслужбаў. Тое, што адбылося ў гэты раз, — імгненнае «раскрыцьцё» гэтага злачынства, калі проста з-пад ложка вымаюць усе падрабязнасьці: здымкі, нумары аўтамабіляў, імёны, дакумэнты, фатаграфіі, відэа, скрыншоты — усё запар. Усё гэта вельмі падобна на нарыхтоўку загадзя зробленую, загадзя сабраную. А пра падрабязнасьці і пра тое, каб там сыходзіліся нейкія дэталі, ніхто асабліва не клапоціцца.
Аказваецца, можна на адным не самым часта сустраканым аўтамабілі ў Расеі езьдзіць з трыма рознымі нумарамі, з адным нумарам заехаць, зь іншым нумарам выехаць, з трэцім нумарам перасоўвацца па дарогах у Расеі, і гэта застанецца нікім не заўважаным. Аказваецца, чалавек можа быць у адкрытым вышуку як асабліва небясьпечны злачынец, і пры гэтым ён спакойна ўяжджае празь мяжу Расейскай Фэдэрацыі, месяц перамяшчаецца па сталіцы Расейскай Фэдэрацыі і потым выяжджае празь мяжу Расейскай Фэдэрацыі.
Неяк нікому ня горача і ня холадна ад усіх гэтых супадзеньняў. Мне цяжка сабе ўявіць, навошта трэба было б украінскім спэцслужбам выбіраць менавіта такі абʼект атакі і менавіта ў гэты момант. Мне лёгка сабе ўявіць, навошта расейскім спэцслужбам ладзіць правакацыю менавіта зараз. Яшчэ ўчора фраза «забіваць іх усіх» была экзатычнай. І такой фразы як бы саромеліся. Сёньня на пытаньне «Колькі ўкраінцаў трэба забіць для таго, каб адпомсьціць сьмерць Дарʼі Дугінай?», расейскі прафэсійны правакатар Халмагораў адказвае, што ўсіх.
— Мы да гэтага абавязкова вернемся. Там ён нават апублікаваў сьпіс, мы яго крыху пазьней пакажам.
Пархоменка: І гэта ўспрымаецца зусім спакойна, і гэта ўспрымаецца як належнае. І гэта ўжо рэзультат. Не прайшло яшчэ сутак, а вынік ужо ў наяўнасьці. І калі фраза самога Дугіна «Забіваць! Забіваць! Забіваць! — гэта я як унівэрсытэцкі прафэсар вам кажу» ўспрымалася зь нейкім сарамлівасьцю, што вы яго ня так зразумелі, ён не зусім гэта меў на ўвазе, гэта была фігура выказваньня, гэта была такая мэтафара, гэта быў мастацкі прыём, то зараз можна цытаваць гэта спакойна, таму што ён мае права, неяк яму зараз можна, і ўвогуле нам цяпер можна. Нам усім, якія на баку Дугіна і яго забітай дачкі. Нам можна. Цяпер можна, не прайшло і сутак. Вось навошта гэтая правакацыя магла б быць патрэбная.
— У Дугіна ёсьць яшчэ адна заява, ён яе перадае праз расейскага бізнэсмэна, заснавальніка пракрамлёўскага тэлеканала «Царьград» Канстанціна Малафеева. Там зноў гаворыцца пра расправу. Ці варта расцэньваць гэтую заяву як помсту? І да каго яна можа адрасавацца?
Шандэровіч: Я ня схільны абмяркоўваць паводзіны зусім няшчаснага і дадаткова зварʼяцелага з гэтай нагоды бацькі. Няважна, што ён сказаў. Мы можам здагадацца аб стане, у якім ён зараз нейкі час будзе размаўляць. Па сутнасьці справы згодны зь Сяргеем. Зразумела, ужо легітымізуецца новы адсек дна, новае дно: забіваць, забіваць і забіваць усіх. Вось каму выгадна. Вось навошта. Гэта прамы адказ, каму выгадна. Нас заўсёды рымскае права заклікае шукаць, каму выгадна. Для Ўкраіны дзіўны акт кропкавай помсты ідэолягу, практычнай карысьці ніякай, і толькі апраўдвацца, што мы не забілі, не мы ўзарвалі гэтую жанчыну. А для расейскіх спэцслужбаў і расейскай прапагандысцкай машыны — зусім новы адсек у гэтым дыскурсе.
— Я хутчэй пра тое, ці варта чакаць пошуку ўнутраных ворагаў, дакладней працягу пошуку ўнутраных ворагаў яшчэ мацней?
Шэндэровіч: Што тут чакаць? Чытайце Сіманьян. Яна крыху наперадзе паравоза пабегла, але гэты паравоз заўсёды можа яе дагнаць. Я не зьбіраюся тут яе цытаваць, трошкі, але па сэнсе «усё, усіх браць гэтых блогераў» — проста блогераў браць, усіх, хто з таго боку, проста браць. Яна апусьцелае месца Жырыноўскага паступова займае. Жырыноўскі казаў зусім варʼяцкія рэчы, потым аказвалася, што празь нейкі час рэальнасьць наганяе рыторыку Жырыноўскага. У гэтым сэнсе пры ўсёй гідлівасьці я б пазіраў на тое, што кажа Сіманьян. Гэта можа аказацца заўтрашняй рэальнасьцю.
— Сяргей ужо казаў, згадваў рускага нацыяналіста Ягора Халмагорава, аглядальніка дзяржаўнага тэлеканалу RT. Ён апублікаваў у тэлеграм-канале так званы сьпіс Дарʼі. І ў ім ёсьць Пархоменка Сяргей Барысавіч. Сяргей, як вы ўспрынялі гэта? Ці разумееце вы, што гэта значыць увогуле?
Пархоменка: Не, я не разумею, што гэта значыць. Я хацеў бы вярнуцца да вашага папярэдняга пытаньня. Вы задавалі яго так: ці будуць у Крамлі шукаць вінаватых у забойстве і гэтак далей? Мне здаецца, што гэта не зусім дакладна сфармуляванае пытаньне. Шукаць вінаватых у забойстве ня будуць. Рэальныя вінаватыя ў забойстве нікому не патрэбныя, яны нікому не цікавыя і ніхто не стане іх шукаць. Шукаць будуць тых, каго можна прыплесьці да гэтай гісторыі, за кім можна пачаць ганяцца, скарыстаўшыся гэтай гісторыяй як нагодай, як апраўданьнем, як інструмэнтам. Ім патрэбны інструмэнт.
У любой палітыцы, нават у такой страшнай палітыцы, зьнявечанай, крымінальнай, палітыцы, як тая, якая сёньня ў Расеі, заўсёды ёсьць гэтая праблема, праблема прадмету, зь якім трэба неяк працаваць. Ёсьць такі агульнавядомы вобраз, ён мне здаецца досыць дакладным, што футбалістам патрэбны мяч, яны ня могуць проста так бегаць па полі. Ім патрэбны прадмет, які яны будуць ганяць. Вось гэтым таксама патрэбны прадмет, які яны будуць ганяць. Ім трэба прамаўляць нейкія словы, ім патрэбныя нейкія вобразы, ім патрэбныя нейкія фігуры, ім патрэбныя нейкія нагоды. Вось яны іх ствараюць. Вось гэта яны будуць шукаць. І кожны на свой лад.
Халмагораў зварʼяцелы не ад гора ў гэтым выпадку, а ад таго, што можна, «цяпер мая чарга», «зараз мне можна» — вось гэтая манера разьдзіраньня на сабе кашулі і «адыдзі, я псыхічны». Вось мы бачым яе ў такой форме, у гэтым чалавеку. І ў многіх яшчэ людзях мы ўбачым што-небудзь падобнае, якія вырашаць, што зараз ім можна, зараз наступіў іх момант і зараз ім пара. У іх зьявілася, так бы мовіць, тлумачэньне. І ў іх зьявіўся мяч, які можна ганяць. Вось яны і ганяюць кожны сваім спосабам.
— Калі я не памыляюся, Уладзімір Пуцін казаў пра забойства Барыса Нямцова, што апазыцыі патрэбная сакральная ахвяра. Цяпер палітоляг Фёдар Крашаніньнікаў напісаў, што ён дапускае, што Дарʼя Дугіна можа стаць такой сакральнай ахвярай, толькі для Крамля. Як лічыце, ці стане Дарʼя Дугіна сакральнай ахвярай для расейскіх нацыяналістаў і кансэрватараў?
Шэндэровіч: Ужо лепяць, ужо робяць, ужо выкарыстоўваюць. Яны па поўнай адыграюць гэтую павестку, у гэтым можна не сумнявацца, ужо адыгрываюць — да якога дна гэта яшчэ дойдзе, ня ведаю. Ці скажа хто-небудзь прытармазіць — ня ведаю. Або, наадварот, вырашыць і скажа: «Давайце туды далей, ганіце ў гэты бок». Толькі пра гэта размова. Да якога дна яшчэ, які яшчэ адсек дна, якое новае дно будзе знойдзена ў гэтай гісторыі. А тое, што ўжо выкарыстоўваюць — вядома, мы ж ужо бачым.
— Чытаю стужкі інфармацыйных агенцтваў, Пуцін пасьмяротна ўзнагародзіў ордэнам мужнасьці Дарʼю Дугіну.
Пархоменка: Мне падаецца, мы вельмі лёгка раскідваемся словам «сакральная». Сакральнае — гэта нешта важнае, вялікае, маштабнае і нават у нечым прыгожае. Сакральнае — гэта нейкі культ, нейкая рэлігія, гэта нейкая вера, гэта нейкія рытуалы, гэта нейкія вобразы, гэта нешта рознакаляровае. Нічога сакральнага ў гэтай гісторыі няма і ня будзе. Гэта тэхнічны элемэнт і тэхнічная прылада, гэта элемэнт камбінацыі.
Мы бачылі, як яны тэхналягічна скляпалі гэтую вэрсію забойства, сабралі яе з загадзя нарыхтаваных элемэнтаў, прыклалі адно да аднога. Туды ж усё пайшло: і «Азоў», і нейкія таямнічыя пасьведчаньні, і зьмена нумароў — усё запар, хоць не сыходзіцца нічога ні з чым у гэтай вэрсіі, пачынаючы ад выключаных на працягу двух тыдняў, як зараз высьветлілася, камэр відэаназіраньня на стаянцы там, дзе быў гэты фэстываль. Гэта што, вось гэтая дзяўчына з «Азова» выключыла? Сама з пласкагубцамі там поўзала, перакусвала правады ці што? І за месяц ніхто не адрамантаваў?
Гэта ўсё рэчы выключна тэхнічныя. Нічога, ніякіх рытуалаў і ніякай сакральнасьці — слова зусім лішняе. Я думаю, што колькі трэба будзе, пакуль новую не прыдумаюць тэхнічную ідэю, будуць адыгрываць гэтую, адцягваючы ад уласных правалаў, адцягваючы ад уласных злачынстваў. Пакуль працуе, некалькі дзён пратрымаецца, а далей уся сакральнасьць скончыцца, скончыцца.