Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эстоніі прарасейскаму актывісту, які выцер ногі аб украінскі сьцяг, прысудзілі грамадзкія працы


Акцыя ў падтрымку Ўкраіны ў Таліне
Акцыя ў падтрымку Ўкраіны ў Таліне

У Эстоніі суд асудзіў 50-гадовага прарасейскага актывіста Аляксандра Ханінэна за апаганьваньне ўкраінскага сьцяга, піша газэта Postimees.

Ханінэн 16 жніўня зьняў на відэа, як ён выцірае ногі аб украінскі сьцяг. На думку суду, яго віна цалкам даказаная, бо на відэа відаць і чуваць, што да прадмета ён ставіцца менавіта як да сымбаля Ўкраіны. Аляксандар Ханінэн заявіў, што адчувае задавальненьне, калі ўкраінскі сьцяг знаходзіцца ў яго пад нагамі.

Па дадзеных выданьня, да суду ён не прызнаваў сваёй віны і казаў, што гэта быў ня сьцяг Украіны, а адвольны кавалак тканіны, які нагадвае ўкраінскі сьцяг. Да пачатку судовага працэсу Ханінэн прызнаў сябе вінаватым і выказаў шкадаваньне аб учыненым.

Аляксандар Ханінэн у 2001 годзе атрымаў тры з паловай гады пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў згвалтаваньні 17-гадовай дзяўчыны зь Літвы. У ліпені 2021 году ён быў прызнаны вінаватым у фізычным гвалце над сваёй дачкой за зьбіцьцё папругай і пагрозы забойствам у выпадку звароту ў паліцыю. За гэта Ханінэн атрымаў 15 месяцаў умоўнага тэрміну.

Суд прыгаварыў Ханінэна да трох месяцаў пазбаўленьня волі. Аднак тэрмін быў скарочаны на траціну на падставе палажэньняў спрошчанай вытворчасьці. У сувязі з тым, што інцыдэнт з апаганьваньнем украінскага сьцяга адбыўся падчас умоўнага тэрміну, яму дадалі адзін год і тры месяцы неадбытага тэрміну пазбаўленьня волі. Пакараньне па сукупнасьці замянілі на 510 гадзін грамадзкіх работ на працягу двух гадоў. Акрамя таго, Аляксандар Ханінэн павінен сплаціць 490,50 эўра ў якасьці працэсуальных выдаткаў.

Суд у Эстоніі месяц таму даў чатыры месяцы турмы Ўладзіміру Шылаву — сьпеваку-дальнабойшчыку з Пскова з падвойным грамадзянствам, які купіў на донаты дроны для расейскай арміі. Яшчэ восем месяцаў будуць умоўнымі з чатырохгадовым выпрабавальным тэрмінам. Разам з Шылавым прысуд вынесьлі двум мужчынам, якія яму дапамагалі: Ільля і Руслан Галямбоўскі ахвяравалі грошы на куплю дронаў, абодвух асудзілі на пяць месяцаў турмы ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам у год і восем месяцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG