Гэтымі днямі ў беларускім сэгмэнце сацыяльных сетак зьявіліся допісы, што праз больш як тры дзесяцігодзьдзі пасьля путчу, які пацярпеў паразу 21 жніўня 1991-га, можна сьмела канстатаваць: стратэгічна ГКЧПісты перамаглі.
Яшчэ болей допісаў такога кшталту — у расейскіх карыстальнікаў.
І сапраўды: путчысты жадалі вярнуць грамадзтва ў сытуацыю да пачатку гарбачоўскай перабудовы, у які-небудзь «чарненкаўскі» люты 1985-га, а цяпер і беларусы, і расейцы жывуць ў орўэлаўскім 1984-м. Ва ўсялякім разе, за лёзунг «Не вайне!» ці спалучэньне белых ды чырвоных колераў не садзілі нават пры Сталіне.
Аднак існуюць два фактары, якія не дазваляюць беларусам, адрозна ад расейцаў, «абнуляць» вынікі перамогі над путчыстамі.
Першы — характар атмасфэры пачатку 90-х. У Расеі ён вызначаўся пачаткам капіталізму, імгненным сацыяльным расколам, калі некалькі тысяч сем’яў сумнеўным нават з пункту гледжаньня расейскіх законаў шляхам авалодалі 90% нацыянальнага багацьця, а дзясяткі мільёнаў пагрузіліся ў галечу. У Беларусі, пры ўсёй карумпаванасьці кебічаўскага дзяржапарату, не было ні такога кантрасту, ні такога маштабу крыміналітэту.
Але было іншае: уздым нацыянальнага Адраджэньня. І тыя некалькі гадоў (1991-1993) заклалі энэргетыку нагэтулькі моцную, што яна адгукаецца і ў пакаленьні, народжданым ужо пры Лукашэнку — прыгадайце стомэтровыя бел-чырвона-белыя сьцягі два гады таму. І, падмацаваная жніўнем 2020-га, яна яшчэ дасьць свой плён.
Але галоўны вынік жніўня 1991-га — гэта, канешне, Незалежнасьць.
Усё часьцей кажуць, што Беларусь знаходзіцца пад акупацыяй Расеі, але ўявіце, што яна была б часткай РФ юрыдычна.
Так, сёньня залежны ад Пуціна Лукашэнка прадставіў тэрыторыю для нападу і абстрэлу Ўкраіны. Але ў тым выпадку, калі б Беларусь была субʼектам Расейскай Фэдэрацыі, у гарады ды вёскі ўжо паўгады ішлі б сотні, калі ня тысячы трунаў.
Можна, канешне, казаць і пра іншыя выгоды перамогі ў жніўні 91-га, але ці можа быць нешта важнейшае за чалавечыя жыцьці?
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.