На 19 жніўня ім удалося пацьвердзіць інфармацыю аб гібелі 5701 расейскага вайскоўца. Калі ўзяць за сярэдні склад батальёну 300 чалавек, то атрымліваецца, што пацьверджаныя страты Расеі за паўгода ўварваньня ва Ўкраіну супастаўныя з колькасьцю ня менш як 20 батальёнаў.
Журналісты адзначаюць, што зьбіраюць толькі пацьверджаныя зьвесткі на падставе паведамленьняў мясцовых улад, СМІ і сваякоў загінулых. Таму, паводле іх ацэнкі, у сьпісе на 40-60 працэнтаў менш імёнаў, чым рэальна пахавалі ў Расеі.
З 5701 устаноўленага расейскага вайскоўца, які загінуў ва Ўкраіне, 966 чалавек, гэта значыць 17 працэнтаў, — афіцэры. Найбольшая доля страт прыпала на малодшых афіцэраў, таксама сярод загінулых чатыры генэралы і 34 палкоўнікі. Апошняя навіна аб гібелі расейскага генэрала зьяўлялася ў чэрвені.
Супаставіўшы колькасьць пацьверджаных страт сярод афіцэраў і сярод салдатаў, журналісты прыйшлі да высновы, што малодшыя афіцэры гінуць прыкладна ў тры разы часьцей, чым іхныя падначаленыя — шарагоўцы, сяржанты і прапаршчыкі.
У колькасьці абсалютных страт на першым месцы — пяхота і дэсантнікі. На 18 жніўня 20 працэнтаў усіх устаноўленых загінулых служылі ў ПДВ, яшчэ 20 працэнтаў — у мотастралковых падразьдзяленьнях.
Самай хуткарослай катэгорыяй страт застаюцца тыя, каго расейскія СМІ і афіцыйныя асобы называюць добраахвотнікамі. Часьцей за ўсё на вайну ў гэтым статусе адпраўляюцца мужчыны, старэйшыя за 40 гадоў, з рэгіёнаў зь невысокім сярэднім заробкам. Таксама вядома пра гібель 66 вайсковых пілётаў — спэцыялістаў, якія лічацца вайсковай элітай, піша расейская служба BBC.
Кіраўнікі расейскіх рэгіёнаў усё радзей і радзей сталі публічна паведамляць аб гібелі вайскоўцаў ва Ўкраіне. З канца траўня многія зь іх увогуле перасталі гэта рабіць, адзначае BBC.
У колькасьці пацьверджаных страт па-ранейшаму ў лідэрах Дагестан (270 чалавек), Буратыя (245 чалавек) і Краснадарскі край (206 чалавек). Для параўнаньня: вядома толькі пра 14 загінулых з Масквы, хаця жыхары сталіцы складаюць амаль 9 працэнтаў насельніцтва Расеі.
Паводле ацэнкі ЦРУ, да канца ліпеня Расея страціла ва Ўкраіне больш за 15 тысяч вайскоўцаў. Брытанская выведка казала пра 20 тысяч загінулых яшчэ ў чэрвені. У паведамленьнях Генштабу Ўкраіны гаворыцца, што Расея страціла больш за 40 тысяч салдат і афіцэраў.
Паводле ацэнкі Пэнтагону на пачатак жніўня, Расея страціла ва Ўкраіне ад 70 да 80 тысяч вайскоўцаў забітымі і параненымі.
Абноўленых афіцыйных дадзеных аб стратах расейскага войска няма. Міністэрства абароны Расеі апошні раз давала справаздачу аб стратах 25 сакавіка, паведаміўшы аб 1351 загінулым.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.