На судзе ў справе аб «змове па захопе ўлады» абвясьцілі перапынак да 26 жніўня. У гэты дзень пачнуцца судовыя спрэчкі бакоў.
17 жніўня ў судзе дапыталі двух сьведак — лідэра Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна і аглядальніцу газэты «Народная Воля» Сьвятлану Калінкіну, піша праўладная прэса.
Сяргей Калякін заявіў, што ведае трох зь пяці абвінавачаных: Фядуту, Кастусёва і Зянковіча. Па словах Калякіна, яму ніхто не прапаноўваў удзельнічаць у змове і нават у зумах на гэтую тэму. Пакідаючы залю суду, ён пажадаў удачы фігурантам справы.
Сьвятлана Калінкіна, якую ў суд выклікала абарона Фядуты, паведаміла, што ведае Фядуту з 1995 году, назвала яго чалавекам-энцыкляпэдыяй, прыхільнікам палітыкі здаровага сэнсу, і адзначыла, што ніколі не сустракала ў яго публіцыстыцы экстрэмісцкіх матываў. Таксама Калінкіна станоўча выказалася і ў дачыненьні да Кастусёва як палітыка і чалавека.