Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праграмы новыя, падручнікі старыя. Як ва Ўкраіне будуць вывучаць замежную літаратуру


У адной з кіеўскіх школ на ўроку літаратуры. Архіўнае фота
У адной з кіеўскіх школ на ўроку літаратуры. Архіўнае фота

Міністэрства адукацыі і навукі 16 жніўня абнародавала новыя праграмы па замежнай літаратуры, зь якіх выключылі некаторых беларускіх пісьменьнікаў: Васіля Быкава — з абавязковай праграмы, Янку Купалу і Сяргея Законьнікава — з пазакляснага чытаньня.

У прыватнасьці, сярод замежных пісьменьнікаў, творы якіх будуць вывучаць у школах, застаўся Мікола Гогаль (нарадзіўся на Палтаўшчыне. — РС) і ягоныя творы «Рэвізор», «Шынель», «Ноч перад Раством», Міхаіл Булгакаў і «Сабачае сэрца», Анатоль Кузьняцоў і ягоны дакумэнтальны раман «Бабін Яр» для пазакляснага чытаньня.

Як патлумачылі ў Міністэрстве адукацыі і навукі Ўкраіны, жыцьцё і творчасьць гэтых пісьменьнікаў былі «цесна зьвязаныя» з Украінай.

Пры гэтым у ведамстве не ўлічылі сувязі Васіля Быкава з Украінай, дзе ён меў намер працягнуць навучаньне, але ў 1942 годзе пайшоў на фронт і ваяваў у шэрагах 2-га Ўкраінскага фронту, удзельнічаючы ў баях за Крывы Рог, Александрыю, Знаменку і шмат іншых украінскіх гарадоў. У часе кіраваградзкай апэрацыі быў цяжка паранены, а ягонай маці памылкова адправілі «пахаронку».

У той жа час Міністэрства адукацыі і навукі Ўкраіны рэкамэндавала настаўнікам і вучням падручнікі, у якіх засталіся ўсе і расейскія, і беларускія аўтары — найноўшы падручнік, якім прапануе карыстацца ведамства, зацьверджаны ў 2011 годзе.

Пасьля зьмены навучальных праграм падручнікі звычайна перавыдаюцца. Але сёлета гэтага яшчэ не адбылося.

У электронных вэрсіях гэтых падручнікаў, якімі ўсё часьцей карыстаюцца вучні, таксама засталіся «падсанкцыйныя» расейскія і беларускія пісьменьнікі.

Толькі ў 2020 годзе ва Ўкраіне перавыдалі падручнік «Замежная літаратура» для вучняў сёмай клясы, падрыхтаваны філёлягамі Вольгай Нікаленка, Тацянай Коневай і Вольгай Арловай, у якім сьцьвярджалася, што «польскі паэт Адам Міцкевіч прысьвяціў сваю паэму „Сьвіцязь“ аднайменнаму возеру ў Шацкім раёне Валынскай вобласьці». І гэта выкладалася цягам пяці гадоў.

На адмысловым сайце для школ і дагэтуль можна яшчэ знайсьці папярэднюю вэрсію падручніка з памылковым артыкулам аб паэме Міцкевіча «Сьвіцязь».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG