Праверка працягнецца да 30 жніўня. За гэты час, як заявіў вайсковы камісар Цэнтральнага раёну Менску Сяргей Коўш, будзе сфармаваны «штаб вайсковай тэрытарыяльнай абароны і асобна стралковы батальён».
Збор асабовага складу (салдатаў і афіцэраў) у тэрытарыяльныя войскі праходзіць на базе Менскага палаца дзяцей і моладзі.
Адзначаецца, што ўзрост прызыўнікоў розны, сярод іх — былы начальнік міліцыі грамадзкай бяспекі ГУУС Менгарвыканкаму 57-гадовы Ўладзімер Навіткевіч.
Паведамляецца, што вайскоўцы «адновяць навыкі ў вайскова-ўліковых спэцыяльнасьцях, авалодаюць новымі тактычнымі прыёмамі і ўзорамі ўзбраеньня».
Усяго на гэтым этапе ў тэраабарону прызавуць 300 чалавек з трох раёнаў — Савецкага, Першамайскага і Цэнтральнага.
Задача сфармаваць і праверыць тэрытарыяльныя войскі ў сталіцы была пастаўлена перад старшынём Менгарвыканкаму Ўладзімірам Кухаравым 9 жніўня.
Як заявіў тады начальнік Генэральнага штабу ВС генэрал-маёр Віктар Гулевіч, «гэтае мерапрыемства зьяўляецца завяршальным у рамках праверкі ўзроўню падрыхтоўкі тэрытарыяльнай абароны сталіцы».
У Мінабароны падкрэсьлівалі, што на гэтым этапе будзе ацэнена эфэктыўнасьць працы чыноўнікаў Менгарвыканкаму і трох раённых адміністрацый у кіраўніцтве тэрытарыяльнымі войскамі.
Першы этап праверкі гатоўнасьці падразьдзяленьняў тэраабароны быў праведзены з 17 па 28 студзеня.