Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Герхард Шрэдэр падаў у суд на Бундэстаг за пазбаўленьне яго прывілеяў былога канцлера Нямеччыны


Герхард Шрэдэр і Ўладзімір Пуцін. 2003 год
Герхард Шрэдэр і Ўладзімір Пуцін. 2003 год

Былы канцлер Нямеччыны Герхард Шрэдэр падаў у суд на парлямэнт краіны — Бундэстаг з патрабаваньнем аднавіць адкліканыя ў яго прывілеі былога кіраўніка ўраду.

Ён і ягоны адвакат упэўненыя, што дэпутаты незаконна пазбавілі яго офісу ва ўрадзе. Аб гэтым піша Welt.

У траўні стала вядома, што кіроўная кааліцыя ў Бундэстагу вырашыла закрыць офіс 78-гадовага Шрэдэра. Бюджэтны камітэт парлямэнту вырашыў, што спэцыяльнае забесьпячэньне былых канцлераў будзе зараз абгрунтоўвацца ня статусам, а выкананьнем імі рэальных абавязаньняў, — расказвае DW. Пры гэтым яму пакінулі пэнсію і права карыстацца асабістай аховай.

Як падлічылі мэдыя, выдаткі Шрэдэра на пэрсанал у яго офісе складалі каля 400 тысяч эўра ў год. На яго працавалі пяцёра супрацоўнікаў, а кіраўнік офісу атрымліваў заробак больш за 10 тысяч эўра ў месяц, паведамляла газэта Handelsblatt.

Фармальнай прычынай рашэньня называлася тое, што былы канцлер не выкарыстоўвае даступныя яму памяшканьні і стаўкі супрацоўнікаў. Аднак рашэньне закрыць офіс, хутчэй за ўсё, зьвязана з тым, што Шрэдэр вядомы сваім сяброўствам з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным і разглядаецца многімі крытыкамі як лабіст яго інтарэсаў у Нямеччыне.

Былога канцлера рэзка крытыкуюць за адмову дыстанцыявацца ад Пуціна, у тым ліку высокапастаўленыя палітыкі і яго ўласная партыя. У сакавіку Шрэдэра пазбавілі статусу ганаровага грамадзяніна Гановэра. У траўні Эўрапейскі Парлямэнт заклікаў уключыць былога канцлера ў санкцыйны сьпіс расейскіх алігархаў.

З пачаткам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну Шрэдэра крытыкавалі за сувязі з Расеяй. На фоне гэтага былы канцлер адклікаў згоду ўвайсьці ў раду дырэктараў «Газпрому», куды яго вылучылі ў лютым 2022 году, а таксама пайшоў з пасады старшыні рады дырэктараў «Роснефти».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG