Гаворка пра перавод у турму на 3 гады за «парушэньні». На Ціханоўскага пісалі рапарты за розныя дробязі, зрабілі яго «злосным парушальнікам», і адміністрацыя калёніі займалася тым, каб яму зьмянілі рэжым.
Справу разглядала судзьдзя Жанна Пушкіна, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна» з спасылкай на інфармацыю, разьмешчаную на сайце Вярхоўнага суду.
Палітзьняволенага блогера Сяргея Ціханоўскага асудзілі 14 сьнежня на 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Гэта максымальнае пакараньне, якое атрымаў апанэнт Лукашэнкі за 28 гадоў яго праўленьня.
Судзьдзя Мікалай Доля абвінаваціў Ціханоўскага па ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варажнечы), ч. 2 арт. 191 (перашкоды працы ЦВК), ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
На пачатку ліпеня стала вядома, што палітвязьня этапавалі ў магілёўскую ПК № 15.
Затрыманьне Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.