«Расея працягвае абстрэльваць цывільную інфраструктуру. Зараз не абаронены, па сутнасьці, ніводзін рэгіён Украіны, таму гарантаваць умовы бясьпечнага знаходжаньня цяпер надзвычай цяжка. І мы просім іншаземцаў узважваць гэтыя рызыкі і зразумець, што стварыць бясьпечныя ўмовы знаходжаньня на тэрыторыі нашай дзяржавы мы ня можам», — сказала сьпікер МУС Украіны Алёна Мацьвеева 9 жніўня на брыфінгу ў Кіеве.
Паводле яе, кожны грамадзянін, у першую чаргу, сам павінен адказваць за сваю бясьпеку і ўхваляць рашэньне аб наведваньні Ўкраіны з улікам усіх рызыкаў, што існуюць у дзяржаве, у якой дзейнічае ваеннае становішча.
Алёна Мацьвеева зьвярнула ўвагу на тое, што ўсе грамадзяне замежных краін, як і грамадзяне Ўкраіны, павінны выконваць патрабаваньні камэнданцкай гадзіны, а таксама паветраных трывог.
У той жа час, паводле яе, абмежаваньняў для ўезду іншаземцаў на тэрыторыю Ўкраіны няма, але ёсьць пэўныя ўмовы праверкі дакумэнтаў і надгляду пры перасячэньні ўкраінскай мяжы.
У прыватнасьці, грамадзянін замежнай краіны павінен мець сапраўдны пашпарт, візу (у выпадку візавага рэжыму з краінай грамадзянства), пацьвярджэньне мэты паездкі, дастатковую колькасьць грошай для знаходжаньня ва Ўкраіне, а таксама адсутнасьць рашэньня ўкраінскіх упаўнаважаных органаў аб забароне на ўезд ва Ўкраіну.
Паводле сьпікера МУС Украіны, на мяжы можа быць праведзены як павярхоўны, так і паглыблены надгляд грамадзян, іхных рэчаў і аўтамабіля.
Рашэньне аб дадатковым надглядзе ўхваляецца на падставе наступных прыкмет:
- калі грамадзян падобны да асобы, якая знаходзіцца ў вышуку, або да чалавека, які зьнік бязь вестак;
- калі ёсьць дастаткова падстаў лічыць, што грамадзянін учыніў або мае намер учыніць правапарушэньне;
- калі грамадзянін мае намер знаходзіцца на аб’екце з спэцыяльным рэжымам;
- пры наяўнасьці зброі, боепрыпасаў, наркотыкаў, або падстаў лічыць, што яны могуць быць у грамадзяніна;
- калі асоба знаходзілася на месцы ўчыненьня крымінальнага ці адміністрацыйнага правапарушэньня;
- калі на аўтамабілі грамадзяніна ёсьць зьнешнія прыкметы таго, што было зьдзейсьнена ДТП;
- калі ёсьць інфармацыя, што грамадзянін парушаў забароны, уведзеныя ва Ўкраіне ў часе ваеннага становішча.
Алёна Мацьвеева дадала, што на мяжы грамадзяніна замежнай краіны могуць затрымаць на пэрыяд ад трох гадзін да трох сутак. Гэта адбываецца пры наступных умовах:
- калі іншаземец парушыў правілы ўезду на тэрыторыю Ўкраіны і наведваў часова акупаваныя Расеяй украінскія населеныя пункты;
- калі грамадзянін злосна не падпарадкоўваўся распараджэньням вайскоўцаў ці прадстаўнікоў іншых сілавых структур;
- калі грамадзянін ня мае дастатковых дакумэнтаў, неабходных для ўезду ва Ўкраіну.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.