Згодна з папярэднімі зьвесткамі, загінулы служыў у в/ч 97035, што дысьлякуецца ў Горадні, а ў Лунінцы быў на вучэньнях.
«ByPol валодае інфармацыяй аб надзвычайным здарэньні ў роце аховы і абслугоўваньня 250-га асобнага батальёну аховы і абслугоўваньня штабу Заходняга апэратыўнага камандаваньня. [...] Цела вайскоўца са сьмяротным агнястрэльным раненьнем галавы знойдзена ў 18.30 у лесе ў выніку арганізаванага пошуку», — гаворыцца ў паведамленьні ініцыятывы.
Адзначаецца, што адна з задач 250-га асобнага батальёну аховы і абслугоўваньня — забясьпечваць ахову пунктаў кіраваньня Заходняга апэратыўнага камандаваньня.
Падрыхтоўка да разгортваньня пункта ў раёне гораду Лунінец пацьвярджаецца нядаўнімі вучэньнямі і трэніроўкамі па сувязі.
Крыніцы выданьня «Зеркало» ў войску пацьвердзілі гібель маладога чалавека і расказалі, што яму было 19 гадоў.
ByPol сьцьвярджае, што за апошнія месяцы гэта ўжо пятая ахвяра вучэньняў.
Калі вам нешта вядома пра трагічныя выпадкі ў войску або сытуацыю з прызыўнікамі, салдатамі тэрміновай службы ці кантрактнікамі, падзяліцеся інфармацыяй з рэдакцыяй Свабоды.